Ахрэмаўцы

АХРЭМАЎЦЫ, Бяльмонты, археалагічны помнік - курганны могільнік культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганоў каля вёскі Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Вядомы па назве былога маёнтка Бяльмонты. За 0,5 км на поўдзень ад вёскі, паабапал шашы Браслаў- Шаркаўшчына, у лесе побач з сучаснымі могілкамі. 76 паўсферычных і авальных насыпаў. Даследавалі ў 1893 Ф.В.Пакроўскі 7 насыпаў, у 1938 А.Цэгак-Галубовіч і У.Галубовіч - 2, у 1978 і 1982 Л.У.Дучыц - 5, у 1997 В.Н.Рабцэвіч і А.М.Плавінскі - 5. Пахавальны абрад - трупаспаленне па-за межамі курганоў. Рэшткі крэмацыі змяшчаліся на мацерыку, у мацерыковых ямах, у насыпе. Знойдзены гліняныя ляпны посуд і прасліцы, жалезныя і бронзавыя спражкі, 5 бронзавых серпападобных скроневых кольцаў, бронзавая падковападобная фібула, рэшткі жаночага галаўнога венчыка вайнагі з бронзавых спіральных пранізак і пласціністых абойміц-размеркавальнікаў, шкляныя пацеркі, жалезны нож. Могільнік датуецца 9-10 ст. Знаходкі з раскопак 1978,1982 і 1997 захоўваюцца ў Браслаўскім раённым аб'яднанні музеяў.

Літаратура:

  • Покровский Ф.В. Курганы на границе современной Литвы и Белоруссии // Тр. IX АС. М., 1895. Т. 1. Л.У. Дучыц, А.М. Плавінскі
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.