Арэнсбургская культура

АРЭНСБУРГСКАЯ КУЛЬТУРА, археалагічная культура эпохі фінальнага палеаліту, якая існавала ў 9-м тыс. да н.э. ў межах Паўн.-Германскай і Польскай нізін, у басейнах рэк Рэйн, Везер, Эльба, ніжнім і сярэднім цячэнні р. Одра. Назву атрымала ад стаянак на тарфяніку каля г. Арэнсбург (Германія). Даследаванне арэнсбургскай культуры пачата ў 1920 Г.Швантэсам. Найбольшую вядомасць атрымалі стаянкі Каленхарт, Кетцэндорф, Хёрпел, Штэльмаар (Германія), Вайнова, Кошлеў-1, Лукове-1 (Польшча). Паселішчы прадстаўлены кароткатэрміновымі стаянкамі, на асобных з іх захаваліся рэшткі акруглых і авальных жытлаў. Асноўны занятак насельніцтва - паляванне на паўночнага аленя, лася, бабра, пра што сведчаць шматлікія астэалагічныя знаходкі і прылады, звязаныя са здабычай і перапрацоўкай жывёлы.

Арэнсбургская культура
Асноўная тэрыторыя распаўсюджання арэнсбургскай культуры.

Першасная апрацоўка крэменю заснавана на сколванні адшчэпаў і пласцін з адна і двухпляцовачных нуклеусаў у тэхніцы мяккага адбойніка. У другаснай апрацоўцы вядомы стромкае і паўстромкае рэтушаванне загатоўкі, накіраванае на змяненне яе зыходнай формы, тэхніка разцовага сколу. Сярод прылад - канцавыя і двайныя скрабкі, сярэдзінныя, рэтушаваныя і вуглавыя разцы, скоблі, праколкі, сякерападобныя вырабы. Знаходкі з арганічных матэрыялаў уключаюць наканечнікі стрэл, гарпуны, нажы, кінжалы, долатападобныя вырабы. Вядомы драўляны лук. Вызначальнымі для арэнсбургскай культуры з'яўляюцца вастрыі тыпу цанхафен (пласціны са скошаным рэтушшу канцом і натуральнай або рэтушаванай асновай) і наканечнікі стрэл: тронкавыя сіметрычныя з добра вылучаным чаранком, дарсальнай ці супрацьлеглай рэтушшу. Пяро наканечнікаў натуральнае ці скошана рэтушшу (арэнсбургскі тып).

Археалагічныя знаходкі арэнсбургскай культуры
Археалагічныя знаходкі арэнсбургскай культуры (паводле А. Руста): наканечнікі стрэл (1-18), скрабкі (19-21, 32-35, 38), разцы (22-24, 29-30), пласціны са скошаным рэтушшу канцом (25-28, 31, 36), вастрыё (37).

Генезіс арэнсбургскай культуры звязваецца з фінальнапалеалітычнай культурай Броме-Лінгбі. Аналогіі вызначаюцца ў форме наканечнікаў стрэл, якія характарызуюцца меншымі памерамі ў параўнанні з лінгбійскімі. Заўважаецца некаторае падабенства з культурай Федэрмесер. Гістарычныя лёсы насельніцтва арэнсбургскай культуры звязваюцца з культурамі Дзювензее і Маглемазэ(Англія, паўн. Германія, Данія), Фосна і Комса (Скандынавія). Асобныя групы насельніцтва арэнсбургскай культуры пранікалі на тэрыторыю Усходняй Еўропы і далі пачатак грэнскай культуры.

Літаратура:

  • Крижевская Л.Я. Новые данные о хронологии позднепалеолитических и мезолитических памятников севера ГДР и ФРГ // МИА. 1966. № 126;
  • Кольцов Л.В. Финальный палеолит и мезолит Южной и Восточной Прибалтики. М., 1977;
  • Тautе W. Die Stielspitzen-Gruppen in nordlichen Mitteleuropa. Kóln-Graz, 1968; Kozłowski S.K. The Tanged Points Complex // Tanged pointes cultures in Europe. Lublin, 1999.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.