Археалагічны з'езд дзевяты

АРХЕАЛАГІЧНЫ З'ЕЗД ДЗЕВЯТЫ. Адбыўся 31.7-14.8.1893 у Вільні па прапанове Маскоўскага археалагічнага таварыства. Пасяджэнні праходзілі ў памяшканні Віленскай публічнай бібліятэкі пад старшынствам графіні П.С.Уваравай пры ўдзеле 395 дэлегатаў (археолагаў, этнографаў, краязнаўцаў, гісторыкаў і інш.). Заслухана 86 дакладаў, з іх 43 прысвечаны старажытнасцям Беларусі: даследаванні курганоў Магілёўскай (У.З.Завітневіч, М.В.Фурсаў) і Мінскай (М.П. Авенарыус, Г.Х.Татур) губ., на мяжы Літвы і Беларусі (Ф.В.Пакроўскі), помнікаў бронзавага веку ў басейне Дняпра (К.П.Мельнік), пра заснаванне Гродна (Я.Ф.Арлоўскі), гісторыю Брэста (Л.С.Паеўскі), каменныя бабы (С.С.Слуцкі), старажытныя храмы Віцебска і Полацка (А.М.Паўлінаў) і інш. У час работы з'езда працавала выстаўка археалагічных знаходак. Выдадзены "Працы дзевятага археалагічнага з'езда ў Вільні, 1893" пад рэдакцыяй П.С.Уваравай і С.С.Слуцкага, "Каталог прадметаў, дастаўленых на археалагічную выстаўку пры 9-м археалагічным з'ездзе ў Вільні ў 1893". У 1891 з мэтай падрыхтоўкі і правядзення 9-га археалагічнага з’езду створаны Маскоўскі падрыхтоўчы камітэт з аддзяленнем у Вільні (кіраўнік генерал-лейтэнант П.Тыртоў, яго намеснік Ю.Ф.Крачкоўскі, члены камітэта Ф.М.Дабранскі, І.Я.Спрогіс, К.І.Снітка, М.Плашчынскі, Ф.В.Пакроўскі, А.П.Адамсон, В.І.Насовіч, А.І.Шверубовіч, В.В.Гразноў, Я.Ф. Карскі, М.І.Самойла, П.Д.Бранцаў, М.І.Коханаў, І.П.Трутнеў).

Выпрацавана праграма вывучэння старажытнасцей Беларусі і Літвы, якая ўключала праверку наяўных звестак аб курганах і гарадзішчах, разведачныя раскопкі новых археалагічных помнікаў, абагульненне атрыманых матэрыялаў, стварэнне археалагічных карт, збор дадзеных аб прыватных калекцыях. Для яе выканання распрацаваны апытальны ліст, які ў 7 тыс. экз. разасланы ў органы мясцовай адміністрацыі, статыстычныя камітэты, прыватным асобам. Віленскае аддзяленне Маскоўскага падрыхтоўчага камітэта атрымала каля 900 адказаў ад настаўнікаў, святароў, ляснічых, валасных пісараў. Да працы па рэалізацыі праграмы запрашаліся вучоныя з Масквы, Пецярбурга, Кіева, Харкава, Адэсы, Юр'ева (Тарту), Варшавы і інш. Вылучаныя папячыцелем Віленскай навучальнай акругі і ахвяраваныя прыватнымі асобамі сродкі пайшлі на выданне прац 9-га археалагічнага з’езда. Магілёўскі губернатар А.С.Дамбавецкі фінансаваў археалагічныя працы ў Падняпроўі Е.Р.Раманава, У.З. Завітневіча, М.В.Фурсава, С.Ю.Чалоўскага. Мэтанакіраваныя даследаванні археалагічных помнікаў у адпаведнасці з праграмай да з'езда правялі У.З. Завітневіч, Ф.В.Пакроўскі, М.В.Фурсаў, С.Ю. Чалоўскі, В.А.Шукевіч, А.С.Дамбавецкі, М.П.Авенарыус, Э.А.Вальтэр. Адбылося 15 пасяджэнняў арганізацыйнага камітэта. Да 9-га Аз. завершаны "Археалагічная карта Гродзенскай губерні" (Ф.В.Пакроўскі), "Археалагічная карта Віленскай губерні", падрыхтаваны карты Віцебскай, Ковенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. (гл. "Археалагічная карта Магілёўскай губерні").

Літаратура:

  • Сторожев В.Н. IX археологический съезд в г. Вильно. Санкт-Петербург, 1894;
  • Алексеев Л.В. Белорусская археология и историческое краеведение во второй половине XIX - начале XX в. // СА. 1968. №3;
  • Каханоўскі Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст. Мінск, 1984;
  • Вяргей В. Археалагічнае вывучэнне Беларусі ў другой палове XIX ст. // ГАЗ. Мінск, 2006. Вып. 22.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.