Археалагічная карта Магілёўскай губерні

АРХЕАЛАГІЧНАЯ КАРТА МАГІЛЁЎСКАЙ ГУБЕРНІ, адна з асноўных прац Е.Р.Раманава ў галіне археалогіі. Падрыхтоўка яе пачалася каля 1884. Паводле пастановы Віленскага аддзялення папярэдняга камітэта Археалагічнага з'езда дзевятага карту планавалася надрукаваць на працягу 2 гадоў да пачатку з'езда (1893). Выданне не адбылося з-за недастатковасці звестак (былі толькі пра курганы і гарадзішчы) і пратэрміноўкі адказаў на разасланыя лісты (апошні дасланы ў 1897). У дапрацаваны варыянт карты Е.Р.Раманаў уключыў падрабязныя звесткі пра месцазнаходжанні шматлікіх прылад працы каменнага веку, каменныя крыжы з надпісамі і без іх, камяні-следавікі з выявамі крыжоў, месяца, падковы і пісталета (мяст. Хальч), язычніцкага ідала ў выглядзе 4-кантовага каменнага слупа з высечанай наверсе галавой (в. Пярэспа Сенненскага пав.), крыж з літарамі IC XC/XЪ і надпісам "БАРИСЪ БАИСЬЪ" (мяст. Раманава), "замкавішчы", палі пахаванняў, ахапіўшы практычна ўсе катэгорыі археалагічных помнікаў губерні. Вучоны пералічыў віды курганных пахаванняў (у мацерыку, на мацерыку, у насыпе, у труне і без яе, трупаспаленне па-за межамі кургана, у кургане, са зброяй, курганы-кенатафы, парныя курганы, злучаныя невялікімі валамі). Асаблівасцю могільнікаў Магілёўшчыны Е. Р. Раманаў лічыў наяўнасць у адных і тых жа могільніках розных відаў пахаванняў. Ім зафіксавана 9506 курганных насыпаў (у 1885-88 раскапаў 39 курганоў), атрыманы звесткі пра 245 гарадзішчаў. Е.Р.Раманаў зазначаў, што насельніцтва на поўначы Магілёўскай губ. называла курганы "капцамі", на поўдні - "валатоўкамі", на усходзе - "курганамі". Да карты былі напісаны фізіка-геаграфічны і гістарычны нарысы. Выдадзены толькі "Археалагічны нарыс Гомельскага павета (Магілёўскай губерні)" і фізіка-геаграфічны нарыс губерні (Вільня, 1910). Усе рукапісныя матэрыялы, апытальныя лісты захоўваюцца ў Цэнтральным гістарычным архіве Украіны ў Львове.

Літаратура:

  • Рассадин С.Е. Неизданная книга: (Е.Р. Романов "Археологическая карта Могилевской губернии") // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии. Минск, 1986.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.