«Археология СССР»

"АРХЕОЛОГИЯ СССР", серыя кніг аб археалагічных даследаваннях на тэрыторыі б. СССР з найстаражытнейшых часоў да сярэдневякоўя, якая выдаецца з 1981 Інстытутам археалогіі РАН (да 1991 Інстытутам археалогіі АН СССР) у 20 тамах. Большасць прац напісана калектывам аўтараў; прыводзіцца бібліяграфія. Да 2003 выйшла 18 тамоў (кнігі не нумаруюцца): "Стэпы Еўразіі ў эпоху сярэднявечча" (1981), "Усходнія славяне ў VI- XIII ст." (1982), "Энеаліт СССР" (1983), "Антычныя дзяржавы Паўночнага Прычарнамор'я" (1984), "Палеаліт СССР" (1984), "Старажытная Русь: горад, замак, сяло", "Найстаражытнейшыя дзяржавы Каўказа і Сярэдняй Азіі" (абедзве 1985), "Эпоха бронзы лясной паласы СССР", "Фіна-угры і балты ў эпоху сярэднявечча" (абе¬дзве 1987), "Мезаліт СССР", "Стэпы еўрапейскай часткі СССР у скіфа-сармацкі час" (абедзве 1989), "Стэпавая паласа азіяцкай часткі СССР у скіфа-сармацкі час" (1992), "Славяне і іх суседзі ў канцы I тысячагоддзя да н.э. - першай паловы I тысячагоддзя н.э." (1993), "Ранняя і сярэдняя бронза Каўказа" (1994), "Неаліт Паўночнай Еўразіі" (1996), "Старажытная Русь. Побыт і культура" (1997), "Сярэдняя Азія ў раннім сярэдневякоўі" (1999), "Крым, Паўночна-Усходняе Прычарнамор'е і Закаўказзе ў эпоху сярэдневякоўя" (2003).

У кнізе "Усходнія славяне ў VI-XIII ст." В.В.Сядова значная частка прысвечана характарыстыцы археалагічных помнікаў на тэрыторыі Беларусі. У кнізе "Палеаліт СССР" у сувязі з вызначэннем помнікаў вілендорфска-касцёнкаўскай культуры разгледжана Бердыжская стаянка. У выданні "Старажытная Русь: горад, замак, сяло" прыведзены вынікі даследаванняў старажытных гарадоў, ваенна-адміністрацыйных цэнтраў, гарадскіх двароў-сядзіб, умацаваных феадальных замкаў, сельскіх паселішчаў; характарыстыкі дзесяткаў тысяч знаходак з археалагічных раскопак. Сярод важнейшых гарадоў на аснове археалагічных дадзеных разгледжаны Полацк, Мінск, Друцк, Тураў, Навагрудак, Гродна, Мсціслаў. У калектыўнай манаграфіі "Эпоха бронзы лясной паласы СССР" пры характарыстыцы сярэднедняпроўскай культуры выкарыстаны матэрыялы з раскопак помнікаў Ходасавічы і Страліца (гл. Рудня-Шлягіна). У выданні "Фінаугры і балты ў эпоху сярэднявечча" разглядаецца праблема культурных кантактаў усходніх славян з суседнімі плямёнамі прыбалтыйскіх, паволжскіх, прыкамскіх фінаў, а таксама з латышскімі, літоўскімі, прускімі, яцвяжскімі плямёнамі, якія жылі на тэрыторыі Усходнееўрапейскай раўніны, у т.л. на тэрыторыі Беларусі. У томе "Мезаліт СССР" спец. раздзел прысвечаны мезаліту Беларусі і Літвы. Змешчаны звесткі аб вывучэнні археалагічных помнікаў Прыпяцкага Палесся, Беларускага Падняпроўя; абгрунтаванні вываду пра тое, што мезалітычная культура паўднёва-ўсходняй Беларусі з'явілася асновай фарміравання верхнедняпроўскай неалітычнай культуры.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.