Асарэвічы

АСАРЭВІЧЫ, археалагічныя помнікі - гарадзішча, бескурганны могільнік і неўмацаваныя паселішчы каля вёскі Асарэвічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці Адкрыў у 1929 І.Х.Юшчанка, даследавала ў 1955-57 В.М.Мельнікоўская, абследавалі ў 1956 Л.Д.Побаль, у 1975 - В.Е.Собаль, у 1985 - М.І.Лашанкоў, у 2007 - М.М.Крывальцэвіч.

Гaрадзішча за 3,5 км на поўнач ад вёскі, ва ўрочышчы Гарадок, на ўзвышшы (выш. 10м). З трох бакоў абмежавана р. Лебядзёўка (правы прыток Дняпра). Пляцоўка прамавугольная, памерамі 70 x 120 м, умацавана валам (шыр. 20 м, выш. з боку пляцоўкі 0,5- 1 м) і ровам з напольнага боку. У 1955 В.М.Мельнікоўская даследавала 12 м2 (4 шурфы). Культурны пласт 0,1-0,2 м. У паўднёвай частцы вала выяўлены абвугленыя бярвёны, што ўтваралі вугал драўлянай канструкцыі ў насыпе. На выдмах пляцоўкі знойдзены: каменная шліфаваная сякера, 8 прасліц (3 пасудападобныя, 3 біканічныя, шара- і бочачнападобнае), 7 шкляных пацерак жоўтага, блакітнага, сіняга, зялёнага і светла-зялёнага колераў, бронзавы бісер, нажны і 3 бронзавыя ручныя (2 з вітым стрыжнем і 1 пласціністы) бранзалеты, 5 шпілек (з посаха-, колца-, цвіка- і 2 са спіралепадобным навершам), 3 трапецападобныя падвескі з жалеза і 2 з бронзы, частка бронзавай іголкі, фрагменты ляпнога посуду, кавалкі шлаку.

Наканечнікі стрэл з гарадзішча Асарэвічы
Наканечнікі стрэл з гарадзішча Асарэвічы.

Бескурганны могільнік за валам гарадзішча, на паўд.-ўсх. і паўд. пакатых схілах узвышша. У 1955 В.М.Мельнікоўская даследавала 144 м2 (2 раскопы і 8 шурфаў), сабрала артэфакты з пашкоджаных пахаванняў. Пахавальны абрад - трупаспаленне. Перапаленыя косці з попелам ад кастра і суправаджальнымі рэчамі ссыпаліся на дно круглых і авальных ям глыбінёй 0,4-0,65 м. Знойдзены: жалезныя брытва, шыла, 2 нажы з адагнутай спінкай, бронзавыя восць двухшыпная, 18 пацерак, завушніца з канічным шчытком, 2 пярсцёнкі з вітога дроту і 1 пласціністы з серабра, 36 наканечнікаў стрэл з бронзы (5 трохлопасцевых, 11 трохгранных) і жалеза (19 пласціністых, 1 утулкавы). Пласціністыя стрэлы без чаранкоў маюць пёры ў выглядзе выцягнутага трохвугольніка, ромба альбо ліста вярбы. З рэшткаў керамікі з пахаванняў цалкам і часткова ўзноўлены 4 ляпныя пасудзіны з шарападобным тулавам дыям. 19-27,5 см, выш. 22-23 см, дыяметр шыек 15,4-21,5 см.

Гарадзішча і могільнік адносяцца да мілаградскай культуры, датуюцца 6-4 ст. да н.э. Каля вёскі Асарэвічы выпадкова знойдзены акінак і меч са страчаным канчаткам ляза, датуюцца 5 ст. да н.э.

Неўмацаваныя паселішчы (8) знаходзяцца на рознай адлегласці ад вёскі, ва ўрочышчах Старык, Трэсце, Майдан, Хракаўскі Бор, Усох, Камень, Навінка (Курган) і Перадзел. Археалагічныя раскопкі не праводзіліся.

Літаратура:

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.