Ашмянец

АШМЯНЕЦ, язычніцкі культавы комплекс - сакральны валун і курганны могільнік. Знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Ашмянец Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці, на правым беразе ракі Вілія.

Ашмянец. Пахавальны інвентар
Пахавальны інвентар з курганнага могільніка Ашмянец.

Сакральны валун ("Вялікі камень") даўжынёй 3,17 м, шыр. 1,6 м, выш. 1,2 м. Адкрыў К.П.Тышкевіч у 1856. Каля валуна размешчана курганная група, якая складаецца з больш чым 40 насыпаў, выш. 0,4-1,2 м, дыям. 3-10 м. У 1999 Э.М.Зайкоўскі раскапаў адзін з курганоў: выш. 1,15 м, дыям. 8 м, насып з жоўтага пяску, каменная абкладка адсутнічала. На гарызонце ў розных месцах прасочваліся рэшткі кальцыніраваных касцей і попел з вуголлем, фрагменты керамікі і металічныя рэчы. Пахавана не менш за 9 чалавек, з іх 2 жанчыны (адсутнічала зброя, акрамя нажоў). У інвентары аднаго з жаночых пахаванняў знойдзены серп, нож, ключ з каляровага металу і акулярападобная падвеска, абломкі вітай шыйнай грыўні, у другім - 2 бранзалеты, 2 пярсцёнкі, пацерка з белай шклопадобнай масы і 2 бразготкі. У астатніх пахаваннях выяўлены нажы, сякеры, наканечнікі дзіды, фрагменты пасудзін, меч, 3 шпоры, 2 жалезныя брытвы з плаўнымі дугападобнымі лёзамі і ручкамі ў выглядзе пятлі, 6 жалезных крэсіваў, каменныя брускі, акоўка, абломкі замка, кольцы, спражкі, бляшкі, бразготкі, пярсцёнкі, бранзалеты. Комплекс датуецца 13 ст.

Ашмянец. Меч 13 ст.
Меч 13 ст. з разбуранага пахавання курганнага могільніка Ашмянец

Літаратура:

  • Зайкоўскі Э.М. Даследаванне культавага комплекса Ашмянец // ГАЗ. Мінск, 2002. № 17;
  • Плавінскі М., Зайкоўскі Э. Меч з курганнага могільніка Ашмянец у кантэксце сінхронных матэрыялаў// Там жа. Мінск, 2006. Вып. 22.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.