Ашмяны

АШМЯНЫ, горад, цэнтр Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Упершыню ўпамінаецца пад 1341 у "Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай". У часы ВКЛ Ашмяны выраслі з гаспадарскага двара ў невялікі дзяржаўны горад. Самакіраванне атрымалі ў 1792. У 1984-85 А.К.Краўцэвіч выявіў сляды сярэдневяковага паселішча на правым беразе р. Ашмянка ў Старых Ашмянах (цяпер вул. Кастрычніцкая, каля былога касцёла францысканцаў). Культ, пласт (0,6-1,2 м) моцна парушаны пахаваннямі пры касцёле. Знойдзены матэрыялы 14 ст.: наканечнік стралы і некалькі фрагментаў керамікі. Раскапаны падмуркі кляштара, які на паверхні зямлі не захаваўся. У цэнтры горада культурны пласт да 1,5 м і складаецца з 2 гарызонтаў: у верхнім (таўшч. 0,3-1 м) знаходкі 17-19ст., у ніжнім (зафіксаваны толькі каля плошчы былога рынку) - рэчы 15-ст. Сабраная калекцыя матэрыялаў характэрна для беларускага горада 16-18 ст. У вялікай колькасці прадстаўлены керамічны посуд: непаліваны (гаршкі, макотры, міскі, накрыўкі), паліваны зялёнага і карычневага колеру (гаршкі, талеркі, кубкі, рынкі, накрыўкі, міскі), мораны (гаршкі, талеркі, збаны, міскі). Для Ашмяншчыны характэрны тып гаршка з закругленым патоўшчаным краем без венчыка. Кафля гаршковая з круглым і прамавугольным вусцем і каробчатая - тэракотавая і зялёнапаліваная, упрыгожаная раслінным, радзей геам. ці геральдычным арнаментам, а таксама зялёнапаліваная кафля-каронка 16 ст. Сярод знаходак шкляныя вырабы (кварты, бутэлькі, шкляніцы, чаркі, аконныя шыбы 17-19 ст.), вырабы з металу (падковы 15-16 ст., ключы, шпора 17-ст.).

Касцёл францысканцаў у Ашмянах
Касцёл францысканцаў у Ашмянах. Фота © В. Палсцюк (radzima.org)

Верагодна, першапачатковае невялікае паселішча ў Старых Ашмянах узнікла ў пач. - 1-й пал. 14 ст. на вузкай рачной тэрасе. Падчас агульнаеўрапейскага эканамічнага і дэмаграфічнага ўздыму паселішча ў к. 15-16 ст. разрасталася ўжо на левым беразе р. Ашмянка, у месцы, больш зручным для камунікацыі. Тут сфарміравалася планіроўка, тыповая для мястэчка ці невялікага горада: у цэнтры рыначная плошча, да якой сыходзяцца вуліцы-дарогі. Гэта планіроўка ў агульных рысах захавалася да нашых дзён.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
rurk напiсаў(ла) 29.08.2016 09:06
вуліца Кастрычніцкая цяпер - Францішкаская.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.