Атвержычы

АТВЕРЖЫЧЫ, археалагічныя помнікі - бескурганны могільнік і 2 селішчы зарубінецкай культуры каля в. Атвержычы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Бескурганны могільнік на паўн.- ўсх. ускраіне вёскі, на пясчаным узвышшы, у пойме правага берага р. Гарынь. Адкрыў Ю.У.Кухарэнкаў 1955, які даследаваў 13 магіл (1957, 1962). К.В.Каспарава даследавала 84 магілы (1963,1965, 1968). Пахавальны абрад - трупаспаленне па-за межамі могільніка з далейшым пахаваннем рэшткаў крэмацыі ў авальных або круглых ямах. У 60 пахаваннях перапаленыя косці ссыпалі на дно ямы, у 23 - у гліняныя урны. 13 магіл уяўлялі сабой кенатафы. У пахаваннях кальцыніраваныя косці знаходзіліся ў зах., паўн.-зах. або паўд.-зах. частках могільніка, пахавальны інвентар канцэнтраваўся з процілеглага боку. Колькасны і відавы склад керамікі ў магілах неаднолькавы: ад 1 да 5 пасудзін у розных спалучэннях (найчасцей гаршчок, міска, кубак). Сярод выяўленых рэчаў пераважаюць ляпныя пасудзіны, чорныя ці карычневыя глянцаваныя, фубаляпныя з загладжанай ці бугорчатай паверхняй. Знойдзены металічныя ўпрыгажэнні і дэталі адзення. Самую вялікую групу ўпрыгажэнняў складаюць бронзавыя і жалезныя фібулы (37 экзэмпляраў у 20 пахаваннях). Пераважаюць сярэднелатэнскія (25 экз., 18 з іх належаць да зарубінецкага тыпу з трохвугольным шчытком), астатнія - позналатэнскія. У ліку ўпрыгажэнняў і дэталей адзення буйныя бронзавыя шпількі з кольцападобнай, плоскаспіральнай і цвікападобнай галоўкамі, трапецападобныя падвескі на бронзавых ланцужках, бронзавыя спіралепадобныя бранзалеты, шкляныя пацеркі, бронзавыя спіралькі і трубачкі. Унікальная для тэрыторыі Беларусі знаходка - скураны пояс з прымацаванымі да яго бронзавымі пласцінамі і бляшкамі, які завяршаўся жалезнай пласцінай, пакрытай бронзавым арнаментаваным лістом, і кручком для мацавання. Датуецца 2 ст. да н.э. - 1 ст. н.э.

Фібулы з могільніка Атвержычы
Фібулы з могільніка Атвержычы.

Селішча-1 размяшчалася на Пд і Пн ад могільніка, з якім непасрэдна суседнічала. У яго паўн.-зах. частцы выяўлена паўзямляначнае жытло прамавугольнай формы, памерамі 4,8 x 3 м, заглыбленае ў зямлю на 0,7 м. Сценкі катлавана жытла пакатыя, падлога з ушчыльненага мацерыковага пяску з украпінамі попелу і вугалю. У паўд.-ўсх. частцы выяўлены рэшткі глінабітнай печы (дыям. 0,65 м), што размяшчалася ў невялікім паглыбленні ў падлозе. У запаўненні жытла выяўлена каля 200 фрагментаў грубаляпных і 10 - глянцаваных пасудзін (некаторыя з іх арнаментаваны пальцавымі зашчапкамі, ямкамі і насечкамі па краі венчыка, наляпным валікам з зашчыпамі), а таксама 2 гліняныя біканічныя прасліцы і глінянае грузіла. Знаходкі па-за межамі жытла: жалезная спражка, гліняныя прасліцы, 2 крамянёвыя нажы для жніва і інш.

Селішча-2 за 1 км на паўночны ўсход ад могільніка. Даследавалі Ю.У.Кухарэнка і К.В.Каспарава, раскапана 190 м2. Выяўлены 2 гаспадарчыя ямы дыяметрам 1,1 - 1,5 м, глыб. 0,7-0,8 м. У іх знойдзены абломкі глянцаваных і неглянцаваных пасудзін, накрывак, косці жывёл і кавалкі глінянай абмазкі. Знаходкі з раскопу: гліняныя біканічныя прасліца і шарык, абломкі каменных зерняцёрак і сякеры.

Літаратура:

  • Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья//САИ. 1961. Вып.ДІ- 29;
  • Каспарова К. В. Могильник и поселение у д. Отвержичи//МИА. 1969. № 160;
  • Яе ж. Новые материалы могильника Отвержичи и некоторые вопросы относительной хронологии зарубинецкой культуры Полесья //АСГЭ. Ленинград, 1976. Вып. 17.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.