Аўгустоўскі канал

АЎГУСТОЎСКІ КАНАЛ, археалагічныя помнікі - стаянкі каменнага і бронзавага веку. Беларуская частка Аўгустоўскага канала і басейн р. Чорная Ганча Гродзенскага раёна доўгі час заставаліся "белай плямай" на археалагічнай карце Беларусі. У сувязі з рэканструкцыяй канала ў 2004 В.Л.Лакіза і В.С.Абухоўскі абследавалі ваколіцы в. Нямнова, выявілі стаянку са шматлікімі крамянёвымі артэфактамі Нямнова-1. У 2005 аб'яднаная экспедыцыя ІГ НАН Беларусі і БДУ правяла мэтанакіраваныя даследаванні на Аўгустоўскім канале ў межах земляных работ па яго рэканструкцыі. У выніку разведак выяўлена 47 розначасовых археалагічных помнікаў каля вёсак Сонічы (11), Чарток (8), Лясная (7), Дамброўка (6), Вусава (5), Рынкаўцы (4), Нямнова (4), Асташа (3). Многія з адкрытых помнікаў размяшчаюцца непасрэдна на берагах канала, таму моцна пашкоджаны земянымі работамі ў час рэканструкцыі. Раскопкі праведзены на 11 помніках: мезалітычнай стаянцы Нямнова-1 (245 м2), мезалітычнай стаянцы і селішчы Лясная-2 (24 м2), селішчы Лясная-3 (18 м2), фінальнапалеалітычнай стаянцы Асташа-1 (23 м2), стаянцы Сонічы-1(12 м2), стаянцы і селішчы Сонічы-5 (21 м2), мезалітычнай стаянцы Чарток-1 (24 м2), стаянцы і селішчы Дамброўка-5 (24 м2), селішчы Рынкаўпы-1 (21 м2), стаянцы Нямнова-3 (16 м2), крэменеапрацоўчай майстэрні Нямнова-4 (24 м2).

Аўгустоўскі канал
Аўгустоўскі канал (беларуская частка), археалагічныя помнікі.

Высветлена, што тэрыторыя абапал А.к. была заселена з фінальнага палеаліту (Асташа-1, Сонічы-1 - свідэрская культура). У раннім мезаліце на стаянцы Нямнова-3 жылі носьбіты кунда культуры, у познім мезаліце на стаянках Нямнова-1, Лясная-2, Чарток-1 - плямёны яніславіцкай культуры. Да позняга неаліту і ранняга бронзавага веку адносяцца помнікі Лясная-2, Сонічы-5, Дамброўка-5 і Нямнова-4. Інтэнсіўнае засяленне тэрыторыі працягвалася і ў сярэдневяковы час, аб чым сведчыць ганчарны посуд з помнікаў Рынкаўцы-1, Лясная-3, Дамброўка-5, Чарток-1.

Літаратура:

  • Абухоўскі B.C., Лакіза В.Л. Археалагічныя помнікі беларускай часткі Аўгустоўскага канала //Августовский канал и современный экотуризм. Пултуск; Минск; Гродно, 2008.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.