Аршанскі базыльянскі манастыр

АРШАНСКІ БАЗЫЛЬЯНСКІ МАНАСТЫР, помнік архітэктуры 18 ст. ў г. Орша Віцебскай вобласці Пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. на пустыры правага берага р. Аршыца пры перакрыжаванні сучасных вуліц Міра і Энгельса ў завулку Музейны для уніяцкага манаскага ордэна базыльян. Манастырскі комплекс у 1831 быў перададзены ў праваслаўнае ведамства, храм Апекі Маці Божай, які пераасвяцілі ў Пакроўскі, цяпер адносіцца да Пакроўскага праваслаўнага манастыра. У 1920-я г. ў самой царкве размяшчаўся сельскагаспадарчы музей, праводзіліся выстаўкі, а ў 1930-я г. тут быў уладкаваны краязнаўчы музей. Наземная частка царквы знішчана ў 1960-я г., збераглася жылая пабудова ў выглядзе літары "Г". Культурны пласт магутнасцю 0,6 м, утрымлівае матэрыялы 19-20 ст. Гэта пацвярджае, што манастыр закладзены на неабжытым месцы за гар. межамі. Жылы манаскі 2-павярховы корпус складаецца з 2 частак, злучаных пад прамым вуглом, мае галерэйную сістэму планіроўкі.

Аршанскі базыльянскі манастыр
План Аршанскага базыльянскага манастыра.

Адна частка будынка арыентавана ўздоўж р. Аршыца, другая - па завулку Музейны. Пад манаскім корпусам находзяцца падвалы, аддзеленыя адзін ад аднаго арачнымі праёмамі. Паўночна-заходні тарэц пабудовы быў злучаны з вуглом мураванай сцяны Пакроўскай царквы, рэшткі якой захаваліся. Архіўныя фотаздымкі пач. 20 ст. сведчаць аб тым, што храм па аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі ўяўляў сабою 3-нефавую абсідную крыжова-купальную базіліку з 2-вежавым фасадам. Асаблівасцю храма з'яўлялася наяўнасць на скрыжаванні цэнтральнага нефа і трансепта высокага светлавога барабана з фігурным барочным купалам. Гэтая дамінанта была больш значнай, чым вежы на галоўным фасадзе, і падкрэслівала цэнтрычнасць крыжовай кампазіцыі кафалікона. Археалагічныя даследаванні В.М.Ляўко ў зоне размяшчэння храма базыльянскага манастыра праводзіліся ў 1994 і 2006. Захаваліся фрагменты вонкавых сцен шырынёй 1,4-1,6 м. У даўжыню храм дасягаў 30 м, шырыня з боку апсіды дасягала 20,4 м, ад уваходу - 22 м (за кошт выступаў падножжаў веж). Апсіда выдавалася ўперад з-за паўночнай сцяны храма на 2,6 м. Яе падмурак разам з муроўкай збярогся на выш. да 1 м, вонкавыя сцены, што прылягалі да апсіды (паўночны бок), мелі выш. 0,8- 1,8 м.

Аршанскі базыльянскі манастыр
Фрагмент кладкі з цэглы храма Аршанскага базыльянскага манастыра.

Сцены храма складзены з валуноў і цэглы на вапнавай рошчыне. Памеры цэглы 33 х 15,5 х 6 см; 33 х 15x7 см; 31 х 15,5 х 6,5 см. У 2006 выяўлены часткі падножжа вонкавых мураваных сцен 18 ст. Іх шырыня 1,8-2,8 м пры глыбіні залягання ў мацерыковым пласце да 3 м. Падчас выбаркі грунту з унутранага аб'ёму храма выяўлены 2 апорныя слупы памерамі 2,5 х 1,8 м (у межах будаўнічага катлавана), якія аддзялялі бакавы неф ад падкупальнага квадрата. У паўночным напрамку па-за межамі будаўнічага катлавана заставаўся ўчастак з апсідай даўжынёй 8 м, у паўднёвым напрамку храм выходзіць за лінію катлавана на 4-4,5 м (тэр. з падножжамі веж і ўваходам). Ад лініі катлавана, па якой фіксуюцца слупы-апоры, да паўд.-ўсх. ўнутранага вугла (захаваўся) вонкавай сцяны храма адлегласць складае 14 м. Рэшткі яго падмуркаў 18 ст. з'яўляюцца неад'емнай часткай манастырскага комплексу.

Літаратура:

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.