Аршанская царква Раства Багародзіцы

АРШАНСКАЯ ЦАРКВА РАСТВА БАГАРОДЗІЦЫ, археалагічны помнік у горадзе Орша Віцебскай вобласці. Пабудавана ў 1661 у пасадзе Зааршынным. На плане г. Орша пачатку 1770 пазначана насупраць замка і гарадзішча. У 1781 яна мела назву саборнай у імя Раства Прасвятой Багародзіцы. Як "грэка-расійская саборная царква" вядома па плану Оршы 1813, рамантавалася ў 1818. На плане 1843 перад царквой пазначана пабудова званіцы. Пры пераходзе ў ведамства Расійскага сінода храм быў пераасвячоны ў Мікалаеўскую саборную царкву. Разбурана разам са званіцай у 1961. У сувязі з тым, што на фундаментах храма планавалася ўзвядзенне новай царквы, у 1994- 95 і 1997 В.М.Ляўко былі праведзены археалагічныя даследаванні на пл. 250 м2. Храм арыентаваны па баках свету. Яго даўжыня з захаду на ўсход складала 19 м, апсіда выступала за асноўны аб'ём на 1,6 м. Шырыня храма ў цэнтральнай частцы была 11 м, каля ўсходніх і заходніх бакоў па 13 м за кошт выступаючых прытвораў.

Аршанская царква Раства Багародзіцы
План даследаванай часткі падмуркаў Аршанскай царквы Раства Багародзіцы. 17-18 ст.

Даследаванні паказалі, што царква была ўзведзена на схіле пагорка каля р. Аршыца на старажытных могілках, дзе самыя раннія пахаванні датуюцца 12- 13 ст. Устаноўлена, што гэта былі прыходскія могілкі, таму што знойдзены пахаванні як дарослых, так і дзяцей рознага ўзросту. Відаць, на самім пагорку раней стаяла драўляная царква Зааршыннага пасада, на месцы якой у сяр. 17 ст. пабудавалі каменную царкву Раства Багародзіцы. Вонкавыя фундаменты царквы праразалі пахаванні па ўсім яе перыметры. Унутраныя часткі пабудовы (хрысцільня), а таксама каменныя фундаменты-лагі для пола перад уваходам у цэнтральны зал і па ўнутраным перыметры храма былі заглыблены ў зямлю да ўзроўню верху пазнейшых пахаванняў (датуюцца пач. 17 ст.) і не парушалі іх. Падвал адсутнічаў.

Царква мела 3 уваходы: адзін размяшчаўся з захаду і 2 бакавыя - з поўначы і поўжня. З алтарнай часткі былі праходы ў бакавыя прытворы. Хрысцільня мела памеры 2,9 х 2,9 м і была ўзведзена значна пазней асноўнага аб'ёму царквы. Акрамя адзінкавай цэглы памерамі 30-31 х 14 х 6 см, аналагічнага матэрыялу, з якога пабудаваны храм, у хрысцільні большасць цаглін і рошчына адносяцца да 19-20 ст. Шыр. фундаментаў вонкавых сцен складала 1 м. Яны ўзведзены з цэглы-пальчаткі на вапнавай рошчыне з уключэннем бутавых камянёў. Глыб, залягання вонкавых фундаментаў 2,7 м. Дзённая паверхня (цокаль) зафіксавана на глыб. 1,1 м з паўднёвага боку і над ёю выяўлена слухавое акно, праз якое праветрывалася памяшканне. Могілкі, што папярэднічалі ўзвядзенню храма, дзеляцца на 3 гарызонты. Ніжні заглыблены ў мацярык з рэдка размешчанымі магіламі і суадносіцца з храмам, які існаваў на ўзгорку ў 12- 13 ст., аб чым сведчыць знойдзеная ў слоі кераміка гэтага часу. У сярэднім гарызонце пахаванні адносяцца да часоў ВКЛ, у ім знойдзены шпілька і кераміка 14-15 ст. У адным з пахаванняў верхняга гарызонта выяўлена нацельная ладанка, перавязаная льняной ніццю. Усе пахаванні зроблены ў драўляных трунах, аб чым сведчаць рэшткі драўлянай трухі і дошак, а таксама жалезныя цвікі. Амаль усе нябожчыкі былі без суправаджальнага інвентару. З паўднёва-заходняга боку да царквы былі прыбудаваны скляпы, у якіх, магчыма, хавалі святароў.

Літаратура:

  • Левко О.Н. Культовые памятники Орши конца XVI-XVIII вв.: (историко-археол. исслед.). Орша, 1996.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.