Аршанскія гарадзішча і замак

АРШАНСКІЯ ГАРАДЗІШЧА І ЗАМАК, археалагічныя помнікі ў цэнтральнай частцы г. Орша па вуліцы Замкавая, на мысе пры ўпадзенні р. Аршыца ў р. Дняпро.

Гарадзішча з'яўляецца градафарміруючым цэнтрам, ад якога ва ўсе бакі разыходзіліся сярэдневяковыя пасады. Пляцоўка памерамі 105 х 75 м узвышаецца на 6-7 м. Даследавалі ў 1928 А.М.Ляўданскі (13 м2), у 1964 Г.В.Штыхаў (8 м2), у 1965-68 Ю.І.Драгун (503 м2), у 1988 В.М.Ляўко (200 м2). Культ, пласт 1,6-3,6 м. Выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і 11 - 17 ст. Прасочаны рэшткі вала 12 ст. і каменнай адмосткі паверхні вала 14 ст. Першапачатковае паселішча на мысе паслужыла асновай для ўзвядзення ў пачатку 12 ст. горада-крэпасці, абнесенага земляным валам. Ядро вала пабудавана з чырвонай гліны, паверхня была задзернавана. Улічваючы вялікую колькасць вуглёў, знойдзеных пры раскопках у 1988, на вале знаходзілася драўляная сцяна. Гарадзішча-крэпасць аддзялялася з напольнага боку ад прылеглай да яго тэрыторыі штучным ровам, пракапаным паміж рэкамі Дняпро і Аршыца. Роў запаўняўся вадой, пераўтвараў гарадзішча ў астраўную крэпасць. Адначасова з яе ўзвядзеннем за ровам пачаў фарміравацца гандлёва-рамесны пасад, аб чым сведчаць рэчы 12 ст., выяўленыя пры раскопках В.М.Ляўко ў 1989-91 на ўчастках, прылеглых да гарадзішча.

Аршанскае гарадзішча
Аршанскае гарадзішча. Мост цераз замкавы роў і млын. 1902-15.

Замак. Яго тэрыторыя таксама, як і гарадзішча, прывязваецца да сучаснай вул. Замкавай. У 14 ст. адбывалася пашырэнне ўмацаванай часткі горада. Роў, які аддзяляў старажытную крэпасць ад пасада паміж рэкамі Дняпро і Аршыца, быў засыпаны. Другі роў, паралельны яму, быў прарыты далей ад гарадзішча, з'яднаўшы Дняпро з Аршыцай і заключыўшы ў вадзяное кола ўчастак плошчай 3,1 га. Гэтая ўмацаваная тэрыторыя была вядома пад назвай "замак". Інвентар 1560 дае ўяўленне аб забудове пляцоўкі пад аршанскі замак, дзе размяшчаўся двор караля, які складаўся з некалькіх святліц, сенцаў, камор, пякарні, кухні, свірнаў на падклеццях, піўніцы (віннага склепа), стайні. Меўся агарод. На тэрыторыі замка размяшчаліся таксама царква, 11 дамоў буйной шляхты - зямян, 17 дамоў мяшчан. План аршанскага замка набліжаўся да трохвугольніка. Па перыметры ён налічваў 5 вежаў, 3 з якіх былі вуглавымі; 4 вежы з 5 мелі да паловы вышыні каменныя аснаванні. Цалкам драўлянымі з'яўляліся вялікая ўязная і набатная вежы на мысе. Вуглавая вежа над Дняпром мела патайны выхад да ракі, а ў вежы над Аршыцай каля рынку былі 3 брамы. Унутры ў сцяну замка былі ўмураваны драўляныя гародні, запоўненыя зямлёю, а ўверсе - крытыя пераходы.

Археалагічныя раскопкі, праведзеныя В.М.Ляўко на тэрыторыя гарадзішча і замка, дазваляюць лічыць, што будаўніцтва замка пачалося ў 14 ст., вал гарадзішча з боку пляцоўкі быў умацаваны каменнай адмосткай на вапнавой рошчыне адначасова з узвядзеннем мураваных сцен замка. Першы і адзінкавы выпадак зрыцця землянога вала на гарадзішчы прасочваецца ў пласце сяр. 17 ст. Роў ля падножжа гарадзішча паступова запаўняўся адкладамі больш позняга часу (траншэя 1991). У 1989-91 на тэрыторыі замчышча даследчыкі не знайшлі слядоў каменнага замка, аднак у раскопках 2003 на тэрыторыі прыватнага сектара, прылягаючага да гарадзішча, ва ўсіх шурфах і раскопе выяўлены фрагменты валуннай кладкі на вапне, якія суадносяцца з каралеўскай рэзідэнцыяй 16 ст.

Літаратура:

  • Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа: (историко-археол. очерк). Орша, 1993;
  • Яе ж. Материалы раскопок исторического центра Орши // МАБ. 2008. Вып. 15
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.