Аршанскія пасады і слабоды

АРШАНСКІЯ ПАСАДЫ І СЛАБОДЫ, гандлёва-рамесніцкая частка феадальнай Оршы (12-18 ст.). Плошча ўмацаванага пасада 3,97 га. Пасад Зааршынны. Культурныя напластаванні 12-17 ст. магутнасцю 1 - 1,2 м на тэрыторыі Зааршыння сведчаць аб інтэнсіўнасці яе засваення, шчыльнай заселенасці. У цэнтры восевай вуліцы пасада, размешчанага ўздоўж выгіну правага берага р. Аршыца, размяшчалася гандлёвая плошча. У 1620 Орша атрымала магдэбургскае права, на тэрыторыі пасада была пабудавана ратуша. Выяўлены падмуркі са зводамі яе падвалаў. У паўночнай частцы даследаваны культурны слой магутнасцю 0,8-2,2 м. У ніжняй часты напластаванняў захаваліся матэрыялы к. 16-17 ст. У паўн.-зах. куце і ў паўн. сцяне раскопу выяўлены вугал пабудовы і падмурак шыр. 0,7 м, выш. 1,75- 1,8 м, складзены з валуноў на вапнавай рошчыне. Сляды разбурэння будынка яскрава прасочваюцца ў верхняй частцы культурных напластаванняў, якія ўтрымліваюць матэрыялы 18-19 ст. У культурным слоі 17 ст. захаваліся сляды драўляных канструкцый. У траншэях ад сучасных вуліц Кірава па Васкрасенскай да Дамініканскай, уздоўж Аршыцы, ад вусця па правым яе беразе да моста па вул. Савецкая, а таксама ўздоўж вуліц Савецкай ад Дамініканскай да моста цераз р. Аршыца выяўлены культурны слой магутнасцю ад 0,6 да 2,5-2,8 м. Ён утрымлівае разнастайныя фрагменты драўлянай і каменнай забудовы 12- 18 ст. Адкрыты падмурак (цагляная кладка і валуны на вапне), які, верагодна, належаў Васкрасенскай царкве. Каля яго знойдзены цэгла-пальчатка, фрагменты керамікі, жалезныя вырабы, рэшткі пахаванняў. Сярод іншых знаходак - кераміка 12 ст., фрагмент наканечніка дружыннага пояса 10-11 ст. Каля Аршыцы была гаць, зробленая з хмызу, якая падтрымлівалася драўлянымі канструкцыямі, непадалёку - пераправа з замкавай часткі і Надняпроўя да Зааршыння. У раскопах на тэрыторыі былой гандлёвай плошчы выяўлены матэрыялы 12-18 ст., якія сведчаць аб тым, што тут існаваў старажытны пасад, а ў 17- 18 ст. працавалі абутковыя і інш. майстэрні і крамы.

Шляная пасудзіна 17 ст.
Шляная пасудзіна 17 ст. з Зааршыннага пасада.

Пасад Надняпроўскі. Размешчаны паміж штучным замкавым ровам на захадзе, вул. Камсамольскай на ўсходзе, Аршыцай на поўначы і Дняпром на поўдні. Датуецца 14-18 ст. На гэтым пасадзе гандаль адбываўся каля сцен замка, куды сыходзілася лучавая сістэма вуліц. Ніжнія напластаванні ўчастка, набліжанага да замка, адносяцца да 12- 15 ст. Інтэнсіўнасць жыцця ў гэты час тут невялікая, магутнасць культурнага слоя 0,6-1 м. У паўднёвай частцы выяўлены культурны пласт магутнасцю ад 0,4 да 1,5 м, які ўтрымліваў рэчавыя крыніцы 14-18 ст. (бытавая кераміка, кафля, шкло, вырабы з жалеза). Дадзены ўчастак указвае на месца знаходжання сярэдневяковых сядзіб. На паўн.- зах. участку пасада, за межамі езуіцкага калегіума, выяўлены рэшткі могілак, якія датуюцца 18-19 ст.; на паўн.-ўсх. знойдзены рэшткі сутарэнняў пабудоў былога комплексу калегіума. Культурны слой магутнасцю да 0,4-0,8 м з разнастайнымі матэрыяламі 17-18 ст. Быў прасочаны гар. роў, выкапаны ў 17 ст.

Эмалевая талерка 17 ст.
Эмалевая талерка 17 ст. з Наддняпроўскага пасада.

Слабоды. На правым беразе Дняпра знаходзіўся Надняпроўскі пасад, абведзены земляным валам, межаваў са слабадой, якая развівалася амаль да сучаснай вуліцы Цэнтральная. На левым беразе Дняпра насупраць замка развівалася слабада Ільінская, якая атрымала сваю назву ад царквы св. Ільі (1505). Драўляная Ільінская царква - самая ранняя культавая пабудова з вядомых на тэрыторыі Оршы. Другая слабада - Куцеінская - знаходзілася ў некаторай аддаленасці ад сярэдневяковай Оршы, аднак была арганічна з ёю звязана. У 1592 у Оршы ўзнікла праваслаўнае брацтва, якое мела цесны кантакт з Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім монастыром, пабудаваным у 1623 на сродкі магілёўскага праваслаўнага брацтва. Плошча слабады ў 17 ст. дасягала 1,25 га.

Літаратура:

Гл. пры арт. Аршанскія гарадзішчы і замак.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.