Аршанскія стаянкі

АРШАНСКІЯ СТАЯНКІ каменнага век у, археалагічныя помнікі каля г. Орша Віцебскай вобл.

Стаянка - 1 грэнскай культуры за 0,5 км на поўнач ад горада, ва ўрочышчы Кабыльнікі, на правым карэнным беразе Дняпра, выш. 25 м над узроўнем вады. Плошча каля 2000 м2. У 1978 адкрыў i ў 1980- 87 даследаваў 300 м2 У.П.Ксянзоў. Культурны пласт разбураны ворывам. Знойдзены 2873 экземпляры расшчэпленых крэменяў і прылад працы. Пераважаюць адшчэпы, нуклеусы і пласціны. Сярод 124 прылад працы сіметрычны тронкавы наканечнік стралы, скоблі, сярэдневуглавыя, вуглавыя i баавыя разцы, праколкі, правёрткі, сякучыя i грубавыемчатыя прылады, скрабкі. Датуецца 9-8-м тыс. да н.э.

Крамянёвыя артэфакты з Аршанскай стаянкі-1
Крамянёвыя наканечнік стралы (1), скрабкі (2-5), разцы (6-9)з Аршанскай стаянкі-1.

Стаянка-2 неалітычнай эпохі ў межах горада, насупраць вуліц Бялінскага і Крылова, на 1-й надпоймавай тэрасе левага берага Дняпра, вышынёй над узроўнем вады 8-9 м. Пляцоўка памерамі 30 x 70 м. У 1988 У.П.Ксянзоў даследаваў 168 м2. Культурны пласт 0,2-0,5 м. Знойдзены 2858 крамянёвых вырабаў і прылад працы, у т.л. лістападобны постсвідэрскі наканечнік стралы, праколка, скрабкі, вуглавыя разцы, укладышы, скоблі, фрагмент ляпнога посуду, арнаментаваны адбіткамі. Датуецца к. 3-га - пач. 2-га тыс. да н.э.

Літаратура:

  • Ксензов В.П. Памятник гренской культуры Орша 1 // Гістарычныя лёсы Верхняга Падняпроўя: рэгіянал. навук. канф. Магілёў, 1995. Ч. 1. Археалогія;
  • Яго ж. Мезолит Северной и Центральной Беларуси. Минск. 2006.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.