Аршанскі кляштар дамініканцаў

АРШАНСКІ КЛЯШТАР ДАМІНІКАНЦАЎ, помнік культавай архітэктуры і археалогіі на вуліцы Савецкай у г. Орша Віцебскай вобласці Мураваны касцёл святога Іосіфа і кляштарная прыбудова з усх. боку пабудаваны ў 1780-1808 замест драўлянага храма на каменным фундаменце на тэрыторыі дамініканскага кляштара, вядомага з сяр. 17 ст. ў Зааршынным пасадзе. На плане Оршы 1813 абазначаны кляштарны комплекс (касцёл, 2 кляштарныя пабудовы і невялікі храм). Кляштар дзейнічаў да 1845. У 1870 разабраны 2 сіметрычныя вежы-званіцы гал. фасада касцёла. Пры касцёле раней меліся падвальныя памяшканні, якія суадносіліся з прыбудовай кляштарнага корпуса з усходняга боку храма. Цяпер з наземных пабудоў існуе толькі касцёл святога Іосіфа, які ў 1989 вернуты каталіцкай абшчыне. Археалагічнымі даследаваннямі В.М. Ляўко ў 2000 устаноўлена, што асноўная частка прыбудоў і сам касцёл узводзіліся адначасова. Ускрытыя канструкцыі сцен і фундаментаў падвалаў былі выкананы з цэглы памерамі 31 х 15,5 х 6,5 см на вапнавай рошчыне. Яны размяшчаліся ўздоўж усходняй сцяны касцёла і ўтваралі 3 асобныя памяшканні, якія паслядоўна злучаліся паміж сабою. Памеры памяшканняў складалі 4,5 х 6 м, 4 х 9 м і 3 х 11 м, заглыбленасць вонкавых сцен памяшканняў у мацярык склала 3 м. Верхняя частка сцен размешчана ў буд. слоі 18 ст., які падсцілаўся культурным пластом з матэрыяламі 12-17 ст. Паралельна вонкавай сцяне аднаго з памяшканняў выяўлена бутавая кладка даўжынёй 4,5 м, шыр. 0,8 м на вапне. Гэта дазваляе выказаць меркаванне аб наяўнасці раней цаглянай пабудовы, якая спалучалася з кляштарнай. Касцёл і кляштар, які прылягаў з усходняга боку, былі ўзведзены адначасова ў 18 - пачатку 19 ст. Праведзеныя ў 2004-08 работы на тэрыторыі кляштара паказалі наяўнасць глыбокіх сутарэнняў са скляпеннямі, выкананых з цэглы-пальчаткі на вапнавай рошчыне. Гэта могуць быць пабудовы, якія адносіліся да комплексу 17 ст.

Літаратура:

  • Левко О.Н. Материалы раскопок исторического центра Орши // МАБ. 2008. Вып. 15.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.