Аршанскі калегіум езуітаў

АРШАНСКІ КАЛЕГІУМ ЕЗУІТАЎ, помнік архітэктуры і археалогіі 17- 18 ст. у г. Орша Віцебскай вобласці. Размяшчаўся па вуліцы Леніна, на тэрыторыі былога Надняпроўскага пасада 15-18 ст. Амаль уся тэрыторыя паміж ракой Аршыца, сучаснай вуліцай Леніна, замкавым ровам і паркавымі алеямі належала ў 17- 18 ст. езуіцкаму калегіуму. У 1611 кароль Польшчы і вялікі князь ВКЛ Жыгімонт III даў езуітам зямлю пад будаўніцтва касцёла, калегіума, аптэкі і бурсы (школы). У дакументах калегіума з 1620 згадваецца тэатр. Пажар у Оршы 1680 знішчыў драўляныя калегіум і школу, капліцу з недабудаваным касцёлам. Школа адноўлена ў 1680, іншыя будынкі (акрамя касцёла) - у 1683. У 1786-88 пабудаваны мураваны 1-павярховы, накрыты скатным дахам будынак бурсы. Сцены былі падзелены пляскатымі лапаткамі і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Дамінанта галоўнага фасада бурсы абазначана ў выглядзе выступаючага за лінію фасада асноўнага аб'ёму будынка параднага ўвахода-тамбура. Храм, партал калегіума і фасад бурсы былі з'яднаны крытым пераходам у выглядзе васьмігранніка-актагона.

Аршанскі калегіум езуітаў
Будынак Аршанскага калегіума езуітаў.

Археалагічныя даследаванні ў 1991 І.Цішкіна не высветлілі характар перакрыццяў перахода, але назіранні за землянымі працамі ў 2007 каля калегіума даюць падставу меркаваць, што пераход меў мураваныя сцены. Такім чынам, калегіум, храм і бурса стваралі адзіны архітэктурны ансамбль. Вакол тэрыторыі была ўзведзена мураваная сцяна. З высылкай езуітаў з тэрыторыі Расійскай імперыі аршанскія дамініканцы ў 1822 прынялі ад іх публічную школу ў калегіуме, ператвораную ў 1825 у свецкую. У 1831 касцёл закрыты, будынак перададзены праваслаўнай епархіі; у 1835 складалася дакументацыя на яго перабудову ў праваслаўны храм. Аднак неўзабаве касцёл быў прададзены на знос, а манастырскі комплекс перайшоў у 1839 ваеннаму ведамству, потым прыстасаваны пад гарадскую турму, якая існавала ў 1842- 1989. У турме з усходняга боку заставалася ранейшая сцяна кляштара, з паўднёвага боку былога калегіума паміж будынкамі аптэкі і бурсы ў 19 ст. была ўзведзена новая мураваная сцяна, якая прайшла праз былы кляштарны двор, прарэзала будынак трапезнай і прымыкала да будынка бурсы. Рэшткі сцяны і падмуркаў трапезнай зафіксаваны В.М.Ляўко ў 1989-90. У шурфах з усходняга боку калегіума выяўлена адмостка з бруку пачатковай дзённай паверхні, знойдзены рэчы 17-18 ст. - касцяная двухбаковая зубачыстка, завушніца, гліняны кубачак для парфумы, паліваная кафля, посуд і шкляныя вырабы. Бурса ўвайшла ў комплекс пабудоў, адведзеных пад турму, касцёл застаўся па-за яго межамі. Цяпер яго руіны знаходзяцца пад зямлёй з паўднёвага-захаду боку калегіума і бурсы. Падчас даследаванняў В.М.Ляўко ў 1990 фундаментаў касцёла ўстаноўлена, што яны мелі шыр. 1 м, складзены з цэглы-пальчаткі памерамі 31-32,5 х 15-16 х 6,5-7 см.

Аршанскі калегіум езуітаў
Унутраная галерэя Аршанскага калегіума езуітаў.

З 1990 пачаліся работы па расчыстцы тэрыторыі былой турмы, пры гэтым частка будынкаў, якія адносіліся раней да кляштара, была разабрана за дрэннага захавання (у т.л. пабудовы ўздоўж берага р. Аршыца). У зямлі засталіся фрагменты падмуркаў і сутарэнні пабудоў 18-19 ст. Паўночнае крыло бурсы было парушана і адноўлена ў працэсе рэстаўрацыйных работ, адноўлены і некаторыя іншыя страчаныя элементы сярэдневяковай пабудовы. У час археалагічных даследаванняў В.М.Ляўко тэрыторыі езуіцкага калегіума ў 2007-08 высветлена, што зруйнаванымі былі паўночныя часткі каменнай пабудовы бурсы і калегіума, зафіксаваны водаадвод, які быў прасочаны яшчэ ў 1991 І.Цішкіным каля іншай сцяны калегіума. На падвор'і калегіума ў культурным пласце знойдзены кафля 17 - пачатку 19 ст. з каталіцкімі хрысціянскімі сімваламі, выявамі расійскай геральдыкі, падлогавая цагляная плітка і інш.; у пакоях калегіума і бурсы зафіксаваны поды кафляных печаў 18-19 ст.; на паўднёвым захадзе ад бурсы, адразу за алтарнай часткай касцёла, выяўлены могілкі. Адны з пахаванняў гэтых могілак звязаны з існаваннем калегіума і касцёла з моманту іх першаснай пабудовы. Яны вельмі рэдкія, выяўлены на мацерыку або крыху ў яго заглыблены. Іншыя адносяцца да перыяду вайны 1812, калі на тэрыторыі калегіума знаходзіўся ваенны шпіталь для французаў; магчыма, тут хавалі памерлых з турмы, што існавала ў памяшканнях калегіума.

Літаратура:

  • Хмяльніцкая Л., Цішкін I. Езуіцкі калегіум у Оршы // ГАЗ. Мінск, 1994. № 3; Левко О.Н. Средневековые территориально-административные центры северо-восточной Беларуси. Минск, 2004.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.