Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі Манастыр

АРШАНСКІ КУЦЕІНСКІ БОГАЯЎЛЕНСКІ МАНАСТЫР, помнік архітэктуры беларускага барока 17 ст. Ў г. Орша. Заснаваны ў 1623 як праваслаўны мужчынскі манастыр. Манастырскі комплекс складаўся з галоўнага Богаяўленскага сабора, мураванай Святадухаўскай царквы, званіцы, жылых і гаспадарчых пабудоў, быў абнесены агароджай з бутавага каменю і цэглы.

Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі Манастыр
Каменны падмурак уязной брамы 18 ст. Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра.

Археалагічныя даследаванні, праведзеныя ў 1987-93 В.М.Ляўко і І.М.Чарняўскім, паказалі, што драўляны будынак Богаяўленскага сабора быў узведзены на магутным каменным падмурку шырынёй да 1,4 м і меў вялікія падвальныя памяшканні вышынёй да 2,8 м. Выяўлена каменнае сутарэнне памерамі 4,8 х 4,2 м, перакрытае зводам. Спуск у яго здзяйсняўся з паўднёвага боку праз уваход шырынёй 1 м. У раскопе плошчай 300 м2 закладзеным на поўдні ад апсіды храма, ускрыты падвальныя памяшканні паўднёвага прыдзела і фрагментт абходнай галерэі. Сабор меў плошчу 1000-1200 м2. Падлога сутарэнняў выкладзена 6-граннымі і квадратнымі пліткамі. Столі былі зводчатыя, пераходы з аднаго памяшкання ў другое здзяйсняліся праз арачныя праёмы. З заходняга боку ўскрыты 2 уваходы ў сутарэнне храма звонку. Адзін з іх вядзе ў памяшканні пад паўднёвым прыдзелам, другі мае рэзкі спуск уніз з некалькі радоў ступеняў і паварочвае вузкім тунэлем у цэнтр. частку сутарэння храма. У 1910-12 манахамі манастыра пад падмуркамі сабора былі выяўлены рэшткі старажытнай пячорнай падземнай царквы Уваскрэсення праведнага Лазара. Яна мела крыжападобную форму з нізкім каменным зводам і плошчай каля 11 м2 У цэнтральнай (алтарнай) частцы плошчай 2,5 м2 на месцы прастола знаходзіўся нізкі драўляны крыж, абкладзены камянямі. У 2 бакавых памяшканнях зберагалася, відаць, найбольш каштоўная царкоўная маёмасць. Злева ад пячоры пачынаўся падземны ход, які апускаўся ўніз і быў накіраваны ў бок Дняпра. Знешні бок галерэі адступаў на 0,6 м ад вонкавай сцяны храма і паўтараў яе абрысы. З паўднёвага боку амаль на ўзроўні сучаснай дзённай паверхні выяўлены бакавы ўваход у галерэю, вымашчаны цэглай і падлогавымі пліткамі.

Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі Манастыр
Арачны фундамент каменной агароджы Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра.

Другі храм на тэрыторыі манастыра - Святадухаўская царква (дзейнічае), пабудаваная ў 1 -й пал. 17 ст. З яе паўднёвага боку выяўлена яма, якая ўтрымлівала рознахарактарны рэчавы і будаўнічы матэрыял 17-19 ст. Увесь комплекс знаходак (кафля 2-й пал. 17 ст., рэшткі печышча) указвае на перыяды ўзвядзення храма, прыбудоў да яго і прац па рэканструкцыі існуючых пабудоў.

Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі Манастыр
Накладка на Евангелие 17 ст. з Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра.

Акрамя храмаў існавалі жылыя, службовыя і гаспадарчыя памяшканні (у асноўным драўляныя): амбары, склеп, ляднік, пральня, фурманская, кавальня. У манастырскім двары выяўлены развал горна для абпальвання чарапіцы, гліняны посуд 17 ст., шкляныя вырабы. Тэрыторыя манастыра была агароджана мурам вышынёй да 2,5 м. Падчас яго рэстаўрацыі заўважаны зводчатыя канструкцыі, выступаючыя на дзённую паверхню. У 1994 даследаваліся падмуркі агароджы працягласцю 20 м, якія ўяўлялі з сябе анфіладу арачных праёмаў, з'яднаных паміж сабой слупамі-апорамі. Слупы з буйных валуноў мелі ў падножжы вапнавую падушку з украпінамі бітай цэглы і дробных камянёў. Падмурак датуецца часам узвядзення першых каменных пабудоў на тэрыторыі манастыра.

Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі Манастыр
Дэталі нацельнага разнога драўлянага абразка, знойдзеныя ў час раскопак на тэрыторыі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра. Конец 16-17 ст.

Праведзеныя ў 1997 археалагічныя даследаванні на месцы размяшчэння былой брамы са званіцай (ускрыта плошча 144 м2) дазволілі зафіксаваць развіццё яе планіроўкі. Прасочаны канструктыўныя асаблівасці пабудовы, храналагічныя перыяды яе ўзвядзення і перабудоў. На этапе будаўніцтва манастырскай агароджы брама са званіцай была драўлянай і да яе з У і 3 прымыкала цагляна-каменная сцяна-агароджа.

Літаратура:

  • Левко О.Н. Культовые памятники Орши XVI-XVIII вв.: (историко-археол. исслед.). Орша, 1996; Яе ж. Материалы раскопок исторического центра Орши // МАБ. 2008. Вып. 15.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.