Арэхаўскія курганныя могільнікі

АРЭХАЎСКІЯ КУРГАННЫЯ МОГІЛЬНІКІ, археалагічныя помнікі каля г.п. Арэхаўск Аршанскага р-на Віцебскай вобл.

Могільнік-1 за 2,5 км на захад ад гар. пасёлка, ва ўрочышчы Бабінская Прыстань, на паўд.-зах. беразе возера Арэхаўскае. 22 насыпы выш. 0,8- 2,5 м, дыям. 7-12 м. Выявіў у 1926 Д.З.Васілеўскі, абследаваў у 1981 М.І.Лашанкоў.

Могільнік-2 на захад ад могільніка-1, у лесе, абапал прасёлачнай дарогі. Складаецца з 4 курганных груп агульнай колькасцю 80 курганоў, выцягнутых у ланцужок. Датуецца 3-й чв. 1-га тыс. - 13-14 ст. Адкрыў Э.Навагонскі ў 1989, у 1990 даследавала В.М.Ляўко. Курганная група-1 налічвала 4 курганы: 1 падоўжаны памерамі 15,5-18 x 2,5-3 x 1,7-1,8 м і 3 паўсферычныя выш. 1,2- 1,6м, дыям. 9-10,5м. Пахавальны абрад - трупаспаленне па-за межамі могільніка. Рэшткі крэмацыі выяўлены ў ляпных гаршках-урнах у верхняй частцы насыпу, пад дзірваном. У насыпе зафіксаваны попельныя праслойкі.

Арэхаўскія курганным могільнікі
Арэхаўскія курганным могільнікі. Пахавальныя урны з могільніка-2.

Курганная група-2 на некаторай адлегласці ад групы-1. 3 насыпы сопкападобнай формы, выш. да 3,5 м, дыям. каля 20 м.

Курганная група-3 размешчана ў напрамку азёр Карэсіна і Перавалочна. Курганы паўсферычнай формы з раўкамі. Па памерах і знешнім выглядзе адпавядаюць курганам могільніка-1. Былі даследаваны некалькі насыпаў, якія, па абраду пахавання (трупапалажэнне) і суправаджальным інвентары, датуюцца к. 10-11 ст. Пахаванні адзіночныя і парныя паралельна адно аднаму, на гарызонце або ў ямах пад насыпам. Мужчынскае пахаванне ў яме глыб. 0,2 м было зроблена ў калодзе. Інвентар - жалезныя цуглі, фібула. Цікавым з'яўляецца парнае пахаванне (курган № 8) групы-3. На падсыпцы выш. 0,1 м са слядамі абпальвання пляцоўкі было размешчана жаночае пахаванне галавой на захад, з залачонымі бочкападобнымі пацеркамі. Каля ног нябожчыцы на гарызонце выяўлена мужчынскае безынвентарнае пахаванне галавой на поўнач, пляцоўка пад ім не абпалена. Ногі падагнуты ў каленях, быццам былі звязаны, адна рука пакладзена на грудзі, другая каля твару. Скроня чэрапа прабіта.

Курганная група-4 у могільніку адносіцца да курганоў-жальнікаў. Насыпы ў ёй невялікія (выш. да 0,5 м), абкладзены камянямі. Сустракаюцца каменныя крыжы.

Літаратура:

  • Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа: (историко-археол. очерк). Орша, 1993;
  • Яе ж. Памятники второй половины 1 тысячелетия н.э. северо-восточной Беларуси в свете формирования племенных "княжений" // ГАЗ. Мінск, 1994. № 5.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.