Асавец

АСАВЕЦ, археалагічныя помнікі - стаянкі (6) каля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці.

Стаянка-1 позняга неаліту і ранняга бронзавага веку. За 2,5 км на поўдзень ад вёскі, у левабярэжжы ракі Крывінка, на паўн. краі Крывінскага тарфяніку. Выявіў і даследаваў у 1934 К.М.Палікарповіч. Культурны пласт перакрыты слоем торфу ў 1,5 м. Знойдзены прылады працы і кераміка паўночнабеларускай культуры. Датуецца к. 3-га - 1-й пал. 2-га тыс. да н.э.

Стаянка-2 неаліту і ранняга бронзавага веку. За 1,2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Дражня, на паўночнай ускраіне асушанага тарфяніку. Тэрыторыя стаянкі перарэзана выраўнаваным рэчышчам Крывінкі і каналамі-водаадводамі. Пляцоўка памерамі 80 x 250 м размяшчалася на нізкім пясчана-жвіровым берагавым выступе ў затоку пасляледавіковага возера. У 1960-80-я г., 1999-2008 Міх.М.Чарняўскі выявіў і даследаваў звыш 340 м2, у 2008 на паўднёвай перыферыі помніка Макс.М.Чарняўскі - 15 м2. Культурны пласт да 1,3 м, перакрыты торфам. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі з 2-схільным дахам, аснову якіх складаў шэраг вертыкальна ўбітых у мацярык завостраных слупоў з развілкамі ўверсе, што падтрымлівалі гарызантальную кладку ў вільчыку. У сярэдзіне жытлаў былі адкрытыя вогнішчы на пясчанай падсыпцы, падасланай пластамі кары. Побач - меншыя па памерах вогнішчы, месцы па апрацоўцы дрэва і вырабе глінянага посуду. У ніжняй частцы культ, пласта знойдзены касцяныя прылады працы, касцяныя і бурштынавыя ўпрыгажэнні, абломкі гліняных (з дамешкай тоўчаных ракавін) гаршкоў, з разрэджаным арнаментам з насечак, наколаў, ямчатых паглыбленняў, грабеньчатых адбіткаў. Некаторыя пасудзіны мелі гравіроўкі са стылізаваных выяў птушак і змей. Знаходкі адносяцца да мясцовага варыянта ўсвяцкай культуры.

Упрыгажэнні з бурштыну са стаянкі-2 Асавец
Упрыгажэнні з бурштыну са стаянкі-2 Асавец.

Вышэй у пласце залягалі матэрыялы паўн.-бел. культуры, у т.л. фрагменты гліняных (з дамешкамі тоўчаных ракавін і жарствы) вастра- і пласкадонных гаршкоў, кубкаў, місак розных памераў з заштрыхаванымі паверхнямі сценак. Арнамент размеркаваны па ўсёй паверхні шчыльнымі узорамі з гарызантальных паясоў насечак, наколаў, грабеньчатых адбіткаў, ямчатых паглыбленняў. Частка пласкадонных пасудзін мела адбіткі шнура і лінейнага штампа. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл (кароткія лістападобныя, рамбічныя і трохвугольныя), наканечнікі коп'яў, скрабкі, нажы, праколкі, клінападобныя сякеры, каменныя свідраваныя сякеры і матыкі, а таксама касцяныя і рагавыя наканечнікі стрэл, кінжалы, праколкі, іголкі, сякеры, цёслы, долаты, нажы з іклаў дзіка, гарпуны і рыбалоўныя кручкі, лыжкі, інструменты для лепкі і арнаментавання посуду, рэшткі драўляных чаўноў і вёслаў, місак, дошак і інш. Выяўлены ўпрыгажэнні з рога, костак і бурштыну: падвескі, гузікі, трубачкі, кольцы, творы першабытнага мастацтва - драўляныя і касцяныя мініяцюрныя фігуркі людзей, жывёл, птушак, гравіраваныя выявы людзей на сценках гаршкоў і інш. Датуецца к. 4-га - 1-й пал. 2-га тыс. да н.э.

Вырабы з косці са стаянкі-2 Асавец
Вырабы з косці са стаянкі-2 Асавец

Стаянка-3 бронзавага веку. За 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на пясчаным узгорку Аксінаў востраў. Выявіў і даследаваў у 1968 Міх.М.Чарняўскі. На паверхні знойдзены крамянёвыя прылады працы і фрагменты посуду пераважна сярэднябронзавага часу. На ўсходнім краі стаянкі ў торфе - рэшткі драўлянага памоста-прыстані для чаўноў.

Стаянка-4 ранняга неаліту. За 1,8 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Брускавішча, на заходнім схіле ўзгорка. Пашкоджана кар'ерам. Выявіў у 1971 Міх.М.Чарняўскі, у 1970-80 даследаваў 176 м2. Знойдзены крамянёвыя лістападобныя з тронкамі наканечнікі стрэл, высокія канцавыя скрабкі, нажы, укладышы, сякеры, касцяныя праколкі, абломкі масіўных гарпуноў, верацёнападобныя і няправільнага трохвугольнага сячэння наканечнікі стрэл, сякерападобныя прылады, фрагменты вастрадонных гаршкоў з дамешкамі рэшткаў раслін і тоўчаных ракавін у гліне, арнаментаваных адбіткамі грэбеня, наколамі і насечкамі, пракрэсленымі лініямі. Па краі венчыкаў пояс глыбокіх круглых ямак. Стаянка адносіцца да нарвенскай культуры, датуецца 4-м тыс. да н.э.

Стаянка-5 неаліту і ранняга бронзавага веку. За 1,1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на ўзвышэнні тарфяніку. У 1972 выявіў, у 1987 і 1991 даследаваў 32 м2 Міх.М.Чарняўскі. Матэрыялы адносяцца да ўсвяцкай і паўн.-бел. культур. Датуецца 3-м - сяр. 2-га тыс. да н.э.

Крамянёвыя наканечнікі
Крамянёвыя наканечнікі стрэл (1-4) і сякеры (5-6) са стаянкі-7 Асавец.

Стаянка-7 позняга неаліту і ранняга бронзавага веку. За 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, 0,3 км на паўднёвы ўсход ад стаянкі-2, у паўночнай частцы Крывінскага тарфяніку. У 2000 выявіў Міх.М.Чарняўскі, у 2000-07 даследаваў 96 м2 Макс.М.Чарняўскі. Пашкоджана пажарам, ацалелая пляцоўка на паўднёвай ускраіне мае памеры 20 x 50 м. Культурны пласт да 1,2 м. Знойдзена больш за 13 тыс. фрагментаў керамікі, 421 крамянёвая і 251 касцяная прылады, вырабы і фрагменты з бурштыну, каменя, дрэва і бяросты, меднае шыла, 17 тыс. фрагментаў костак млекакормячых, рыб і птушак, каля 1 тыс. Фрагментаў лясных і вадзяных арэхаў і інш. Часткова ўскрыта пабудова слупавой канструкцыі з вогнішчам. Выяўленыя матэрыялы адносяцца да паўн.-бел. культуры 3-й чв. 3-га - сяр. 2-га тыс. да н.э.

Вырабы з косці са стаянкі-7 Асавец
Вырабы з косці са стаянкі-7 Асавец: гарпун (1), падвескі (2-6), жалейка (7), лыжачка (8).

Літаратура:

  • Поликарпович К.М. Торфяниковые стоянки Кривина и Осовец в БССР // Бюл. Комиссии по изучению четвертичного периода. М., Ленинград, 1940;
  • Чернявский М.М. Исследование неолитических поселений Кривинского торфяника //Древности Белоруссии. Минск, 1969;
  • Яго ж. Нарвенская культура//Археалогія Беларусі. Мінск, 1997. Т. 1; Яго ж. Паўночнабеларуская культура // Там жа;
  • Чарняўскі Макс.М. Першыя вынікі даследавання тарфянікавай стаянкі Асавец-7 // МАБ. 2003. № 6;
  • Яго ж. Керамічны комплекс стаянкі Асавец-7 // ГАЗ. Мінск, 2006. № 21;
  • Яго ж. Асавец 7 - новое поселение Кривинского торфяника // Человек. Адаптация. Культура. М., 2008.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.