Асташа

АСТАША, археалагічныя помнікі - стаянкі і крэменеапрацоўчыя майстэрні каля былога хутара Асташа Гродзенскага раёна.

Фінальнапалеалітычную стаянку Асташа-1, крэменеапрацоўчую майстэрню Асташа -2, стаянку і крэменеапрацоўчую майстэрню Асташа-3 выявілі ў 2005 на правым беразе Аўгустоўскага канала каля былога хутара В.С.Абухоўскі і В.Л.Лакіза. У тым жа годзе на помніку Асташа-1 праведзены раскопкі на пл. 23 м2 (В.Лакіза, В.Абухоўскі, А.Калечыц, М.Чарняўскі). Стаянка размешчана за 0,5 км на паўночны захад ад хутара, на дзюнападобным павышэнні правабярэжнага поплаву Аўгустоўскага канала, на выш. 0,5-2 м. Памер 150 x 50 м. Даследавалася раскопам (18 м2) і шурфам (5 м2) у паўднёвай частцы. У пласце супесі палева-жоўтага колеру трапляліся рэдкія артэфакты. Асноўная іх канцэнтрацыя прыпадала на тонкі пласт гумусаванай светла-карычневай супесі, а таксама на месца майстра па апрацоўцы крэменю. Знойдзена 56 крамянёвых артэфактаў: 2 нуклеусы, фрагменты нуклеусаў, 22 адшчэпы, 3 пласціністыя адшчэпы, 20 пласцін, 3 лускі, рабрыстыя пласціна і адшчэп, скол падпраўкі пляцоўкі нуклеуса. Крамянёвы інвентар сведчыць пра засяленне ўрочышча ў фінальным палеаліце. Аналагічны набор артэфактаў характэрны для кола культур з лістападобнымі наканечнікамі стрэл на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў 10-9-м тыс. да н.э.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.