Асвейскія гарадзішчы

АСВЕЙСКІЯ ГАРАДЗІШЧЫ, археалагічныя помнікі - група ўмацаваных паселішчаў каля вёсак Абрамава, Латыгава (не існуе), Дубровы, Урагава, пас. Чапаеўскі і на выспе воз. Асвейскае Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Даследавалі: у 1926 - В.Глацёнак, у 1949 - А.Р.Мітрафанаў, у 1965-66 - К.П.Шут. Абследавалі ў 1979 В.І.Шадыра, у 2000 - В.М.Сідаровіч. Гарадзішчы ўзнікалі паступова: Урагава і Дубровы ў 7-6 ст. да н.э., каля вёсак Абрамава, Латыгава і пас. Чапаеўскі - у к. 1-га тыс. да н.э., у паўд. частцы выспы - у першых стагоддзях н.э.

Асвейскія гарадзішчы
Асвейскія гарадзішчы. Прылады працы i ўпрыгажэнні з гарадзішча Урагава.

На ранніх гарадзішчах знойдзены рэчы з косці (праколкі, шылы, шпількі, іголкі, невялікія долаты) і каменю (сякеры, песты-цёрачнікі); на больш позніх пераважаюць жалезныя прадметы (нажы, сярпы, сякеры, шылы, іголкі, наканечнікі стрэл і інш.), зафіксаваны сляды мясцовай вытворчасці жалеза (жужаль, крыцы, рэшткі домніц). Асноўная маса ляпнога керамічнага посуду характэрна для заходняга варыянта днепра-дзвінскай культуры - гладкасценныя слоіка- і вядропадобныя пасудзіны, аздобленыя ямачнымі ўцісканнямі, адтулінамі і лініямі ў верхняй частцы гаршкоў. У верхніх пластах зафіксавана аблітая (шурпатая) кераміка (гарадзішча Урагава), характэрная для прыбалтыйскіх паселішчаў 2-й і 3-й чв. 1-га тыс. н.э. У невялікай колькасці выяўлена кераміка банцараўскай культуры 2-й пал. 1-га тыс. н.э.

Літаратура:

  • Глацёнак В. Некаторыя з помнікаў Асвейскага раёна // Наш край. 1930. № 3;
  • Шут К.П. Памятники раннего железного века на севере Белоруссии //Древности Белоруссии. Минск, 1966;
  • Яго ж. Городища эпохи раннего железа на северо-западе Белоруссии //Доклады к XI конференции молодых ученых Белорусской ССР. Минск, 1967;
  • Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Минск, 1985.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.