Ахова помнікаў археалогіі

АХОВА ПОМНІКАЎ АРХЕАЛОГІІ сістэма дзяржаўных і грамадскіх мерапрыемстваў па засцярозе ад разбурэння і захаванні помнікаў археалогіі. Ахове падлягаюць рэшткі старажытных пасяленняў, стаянкі, паселішчы, гарадзішчы, бескурганныя і курганныя могільнікі, месцы знаходжання стаажытных майстэраняў, шахтаў і інш. Дзейнасць па ахове помнікаў археалогіі складаецца з навукова-даследчай работы (вывучэнне, публікацыя), выдання заканадаўчых актаў (прызнанне таго ці іншага аб'екта помнікам археалогіі), прыняцця законаў, якія забараняюць іх разбурэнне або пашкоджанне, распрацоўкі інструкцый аб парадку ўліку, захавання, кансервацыі, рэстаўрацыі, папулярызацыі помнікаў як гістарычнай спадчыны. У Расійскай імперыі ўказы пра збіранне і захаванне старажытных рэчаў упершыню выдадзены Пятром I у 1718, 1722. У 19 ст. ствараліся навуковыя таварыствы па вывучэнні гістарычных помнікаў: Археалагічная камісія ў Пецярбургу (1859), Маскоўскае археалагічнае таварыства (1864), Маскоўскі археалагічны інстытут (1877), губернскія вучоныя архіўныя камісіі, губернскія і абласныя статыстычныя камітэты. Пытанні аховы помнікаў абмяркоўвалася на археалагічных з'ездах. 5.11.1918 выканком Савета Заходняй камуны прыняў дэкрэт "Аб перадачы культурных каштоўнасцей, маёнткаў і ўстаноў аддзелам народнай асветы і аб арганізацыі іх збору, уліку і аховы". Аналагічныя пастановы былі апублікаваны часовым рабоча-сялянскім урадам Беларусі ў газ. "Звязда" ў пачатку 1919. 24.12.1923 Савет народных камісараў (СНК.) БССР прыняў пастанову пра абавязковую рэгістрацыю і ахову помнікаў мастацтва, старажытнасці, народнага побыту і прыроды, якія знаходзяцца ва ўласнасці ўстаноў, таварыстваў і прыватных асоб. Пастанова стала першым агульнарэспубліканскім законам аб ахове помнікаў гісторыі і прыроды. Пазней былі вызначаны катэгорыі помнікаў, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове, сярод іх: курганы, гарадзішчы, старажытныя могільнікі, рэшткі замкаў і ўмацаванняў у выглядзе насыпных валоў, равоў, камянёў з надпісамі і інш. Ахову помнікаў да 1925 і з 1928 ажыццяўляў Наркамат асветы БССР, у 1926-27 - Інбелкульт. У 1926 I Усебеларускі краязнаўчы з'езд паставіў задачу ўлічыць помнікі археалогіі і выратаваць іх ад разбурэння.

Першы спіс помнікаў культуры зацверджаны пастановай СНК БССР ад 5.7.1926. Створаная камісія па ахове помнікаў мела магчымасць арганізоўваць экспедыцыі для выяўлення і даследавання новых помнікаў, на месцах дзейнічалі яе ўпаўнаважаныя. Дзейнасць камісіі была спынена ў 1930-я г. ў сувязі з арыштам некаторых яе членаў (С.М.Некрашэвіч, А.М.Ляўданскі, А.Дз.Каваленя і інш.). Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў 1950, 1957 была праведзена перарэгістрацыя і зацверджаны новы спіс помнікаў археалогіі. У адпаведнасці з Законам БССР "Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры" (ад 14.7.1978) дзяржаўнае кіраўніцтва па ахове помнікаў на тэрыторыі Беларусі ажыццяўлялася Саўмінам, выканкомамі абласцей, раённых, пасялковых і сельскіх Саветаў народных дэпутатаў, спецыяльна ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі аховы помнікаў Міністэрства культуры, Камітэта па архівах і справаводстве і іх органамі на месцах. Значную дапамогу дзяржаўным органам аказвала Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, створанае ў 1965, з 1970 выходзіў часопіс "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі". 13.11.1992 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў новы Закон "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны", які ўключае ў сябе наступныя раздзелы: вызначэнне гісторыка-культурнай спадчыны; яе ўлік і ахова; зберажэнне і аднаўленне помнікаў гісторыі і культуры; пытанні, звязаныя з уласнасцю помнікаў гісторыі і культуры; іх выкарыстанне і ўтрыманне; адказнасць за парушэнні заканадаўства аб іх ахове. У дапаўненне да закона былі прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб навуковых аб'ектах, якія складаюць нацыянальную спадчыну" (7.9.1998) і пастанова СМ "Аб зацвярджэнні Палажэння аб ахове археалагічных аб'ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ" (22.5.2002). Паводле заканадаўчых актаў забараняецца знішчаць, пашкоджваць археалагічныя помнікі, выконваць іх змену, перабудову, забудову, знос, а таксама ліквідацыю музейных калекцый і рэчаў, праводзіць самастойныя раскопкі без спецыяльнага дазволу (адкрытага ліста). Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помнікаў прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці.

Літаратура:

  • Левко О.Н. Практическая археология. Могилев, 2006; Нарматыўныя дакументы па правядзенню археалагічных даследаванняў. Мінск, б.г.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.