Абрамава

АБРАМАВА, археалагічныя помнікі - гарадзішча і курганныя могільнікі каля в. Абрамава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці.

Гарадзішча за 2,3 км на паўднёвы захад ад вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Гарадзец. Пляцоўка акруглай формы дыям. 37-38 м, выш. 5-6 м. Умацавана 3 кальцавымі валамі выш. да 2,5 м, равамі глыб. да 2,5 м, разамкнутымі ў паўночнай частцы для ўваходу. У 1966 К.П.Шут даследаваў у паўднёвай частцы пляцоўкі 150 м2, зрабіў прарэзку валоў. У 1979 абследаваў В.І.Шадыра. Культ. пласт 0,8-1,2 м. Выяўлены рэшткі наземных пабудоў слупавой канструкцыі, абгарэлыя бярвёны абарончых збудаванняў. Знойдзены фрагменты домніц, каменныя зерняцёркі, жалезныя наканечнікі стрэл, шылы, некалькі касцяных рэчаў, ляпны посуд у асноўным слоікападобнай формы, фрагменты посуду з сеткападобным арнаментам. Належала да днепра-дзвінскай культуры, датуецца 1 -4 ст.

Курганны могільнік-1 за 0,5км на поўнач ад гарадзішча. 32 насыпы дыям. 5-7 м, выш. каля 1 м. Выявіў у 1966 К.П.Шут. У 1974-75 З.М.Сяргеева даследавала 4 курганы. Пахавальны абрад - трупаспаленне на гарызонце. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду 9- 10 ст. Належаў крывічам.

Курганны могільнік-2 заі0,6км на захад ад вёскі, побач з шашой Полацк-Асвея. Больш 40 насыпаў дыям. 3-4 м, выш. 0,5-1 м. Выявіў у 1966 К.П.Шут. У 1974-75 З.М.Сяргеева даследавала 9 курганоў. Пахавальны абрад - трупапалажэнне ў падкурганных ямах галавой на захад. Пахаванні адзіночныя і парныя. Выяўлены інвентар - ганчарны посуд з лінейным арнаментам і неарнаментаваны, бранзалетападобныя скроневыя кольцы з завязанымі канцамі, вітыя і шырокасярэдзінныя пярсцёнкі, пасярэбряныя і залачоныя пацеркі, бронзавыя спіральныя пранізкі. Датуецца 11 - 12 ст., належаў крывічам.

В.І.Шадыра.

Літаратура:

  • Шут К.П. Городища эпохи раннего железа на северо-западе Белоруссии //Докл. к XI конф. молодых ученых Белорусской ССР. Минск, 1967;
  • Сергеева З.М. Раскопки курганов на северо-западе Витебской области // АО 1974. М., 1975;
  • Сергеева З.М., Савицкий М.Г. Работы на Освейщине // Там жа;
  • Шадыро В.М. Ранний железный век северной Белоруссии. Минск, 1985;
  • Яго ж. Беларускае Падзвінне ў I тыс. н.э. Мінск, 2006.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.