Аданталогія

АДАНТАЛОГІЯ [ад грэч. odus (odontus) зуб + logos слова, вучэнне], раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў анатамічным, эвалюцыйным і расава-генетычным планах. Аданталогія карыстаецца вымяральнымі і апісальнымі метадамі. У старажытным Егіпце, Індыі і інш. дзяржавах існавала стаматалагічнае лячэнне і пратэзаванне зубоў, аб чым сведчаць знойдзеныя ў егіпецкіх і этрускіх грабніцах зубныя пратэзы. У 19 ст. зарадзіліся новыя накірункі аданталогіі, зубы пачалі вывучаць у эвалюцыйным працэсе. Даследуюцца іх паходжанне, зменлівасць у філагенезе і ў індывідульным плане. З'явіліся асобныя працы, прысвечаныя расавым адрозненням у будове зубоў (М. де Тэра, А.Грдлічка, В.М.Батуеўі інш.). У 20 ст. савецкім вучоным А.А.Зубавым удакладнена методыка і прапанавана праграма аданталагічных даследаванняў насельніцтва СССР. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асноўныя заканамернасці расагенезу, этнагенезу і напрамкі міграцый чалавека. Даследаванні зменлівасці зубной сістэмы старажытнага чалавека ў Беларусі праводзяць В.В.Гатальскі, Л.І.Цягака, В.В.Цягака і інш.

Л.І.Цягака.

Літаратура:

  • Бетельман А.И. Ортопедическая стоматология. М., 1965;
  • Зубов А.А. Одонтология. Методика антропологических исследований. М., 1968;
  • Этническая одонтология народов СССР. М., 1973;
  • Тегако Л.И., Марфина О.В. Практическая антропология. Ростов-на-Дону, 2003;
  • Беларусы. Т. 9. Антрапалогія. Мінск, 2006.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.