Агароднікі

АГАРОДНІКІ, археалагічны помнік - селішча на паўднёвай ускраіне вёскі Агароднікі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, ва ўрочышчы Наданне, на левым беразе р. Пульва (прыток Заходняга Буга). У 1963 В.Б.Нікіціна-Караткевіч даследавала 50 м2. Культурны пласт 0,4 м. Выяўлены рэшткі жытла ў форме няправільнага прамавугольніка памерам 4,5 х 4 м, арыентаванага з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Па перыметры сцен захаваліся камяні-валуны на адлегласці 0,3-1,25 м адзін ад другога - рэшткі падмурка альбо абкладкі сцен звонку. Падлога пабудовы земляная, каля паўд.-зах. сценкі і ў паўднёвым куце размяшчаліся 2 ачагі ў акруглых ямах дыяметрам каля 0,5 м, глыбінёй 0,35 і 0,15 м, змесціва складалася з перапаленых камянёў і попелу. Побач з жытлом - яма з попелам. У жытле і ніжнім слоі культурнага пласта сабрана больш за 100 фрагментаў ляпных таўстасценных гаршкоў з храпавой паверхняй і прамымі шыйкамі, упрыгожаных па вянцах пальцавымі ўцісканнямі, а таксама фрагменты глянцаванага посуду паморскай культуры 4-3 ст. да н.э. У верхнім ворным слоі знойдзена невялікая колькасць кругавога посуду 11 - 12 ст.

В.С.Вяргей.

Літаратура:

  • Никитина В. Б. Вновь открытые памятники поморской культуры // КСИА. 1964. Вып. 102.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.