Акінак

АКІНАК (грэч. akinakes), зброя колюча-сякучага дзеяння, кароткалязовы меч ці кінжал даўж. 17-40 см. Найбольшае распаўсюджанне мелі ў скіфаў у 6-3 ст. да н.э. Акінакі выкоўвалі з адной нарыхтоўкі жалеза. Клінкі пераважна двухлязовыя, рэдка адналязовыя. Па форме могуць быць трохвугольныя вузкія падоўжаныя альбо прамыя з паралельнымі лёзамі і кароткім вастрыём. Для засцеражэння рукі аснаванні лёзаў абмяжоўваліся скрыжаваннямі прамавугольнай, сегментападобнай ці мятлюшкападобнай формы. Ручка, звычайна прамавугольная, заканчвалася навершам у выглядзе кароткага прамавугольніка, авала альбо антэны, у форме часткі дугі круга, кіпцюроў драпежнай птушкі, валюта падобных завіткоў і г.д. У Беларусі акінак зафіксаваны двойчы каля в. Асарэвічы Брагінскага р-на як выпадковыя знаходкі - В.М.Мельнікоўскай у 1957 і М.І.Лашанковым у 2007. Апошні акінак мае агульную даўжыню каля 32 см, ромбападобнае ў сячэнні лязо даўж. 22 см, антэннае наверша пашкоджана карозіяй; датуецца 5 ст. да н.э. У арэале мілаградскай культуры гэта другі акінак, першы быў знойдзены ва Украіне каля в. Казаровічы, мог належаць як мясцоваму аўтахтону "мілаградцу", так і ваяўнічаму скіфу.

Акінакі
Выпадковыя знаходкі акінакаў каля в. Асарэвічы Брагінскага раёна.

М.І.Лашанкоў.

Літаратура:

  • Мелюкова А.И. Вооружение скифов // САИ. 1964. Вып. Д1-4;
  • Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
  • Петровская Е.А. Находки скифского времени у с. Казаровичи Киевской области // Археологические иследования на Украине в 1968 г. Киев, 1971. Вып. 3;
  • Лошенков М., Кенько П. Новые находки милоградского времени в Беларуси // ГАЗ. Мінск, 2007. Вып. 23.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.