Амфара

АМФАРА (лац. amphora ад грэч. amphoreus), таўстасценная гліняная пасудзіна з высокім вузкім горлам і 2 ручкамі, прызначаная для транспартавання і захоўвання віна, алею, іншых вадкасцей. На тэрыторыі Беларусі амфары прывозіліся, верагодна, з грэчаскіх калоній у Крыме. Дзякуючы вузкаму цыліндрычнаму горлу лёгка закаркоўваліся і герметычна заліваліся воскам. Фрагменты амфары вылучаліся сярод мясцовай керамікі тоўстым (10-12 мм) моцна спечаным лёгкім чарапком крэмавага ці светла-ружовага колеру, тонкадысперсным на зломе, з прыкметамі вырабу на нажным крузе. Знешняя паверхня аздаблялася дробным шматрадным лінейным рыфленнем. На многіх фрагментах захаваліся малюнкі, надпісы, асобныя літары (на амфарах з Полацка прадрапана літара "А"). На ўсходне-славянскіх тэрыторыях, асабліва ў бязлесных раёнах, амфары сталі прататыпамі тарных амфарападобных пасудзін-карчаг. Самыя раннія амфары знойдзены пры раскоп¬ках гарадзішчаў зарубінецкай культуры ранняга жалезнага веку на поўдні Беларусі, шырокае распаўсюджанне набылі ў сярэдневяковы час.

Н. I. Здановіч.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.