Амулет

АМУЛЕТ (лац. amuletum), прадмет, які людзі насілі на целе і якому прыпісвалі магічныя ўласцівасці засцерагаць ад злых духаў, чараў, няшчасцяў, адводзіць хваробу, прыносіць поспех. Вера ў чарадзейную сілу амулета ўзнікла ў палеаліце і захавалася да нашых дзён. Яна звязана з першабытнай магіяй і фетышызмам.

На тэрыторыі Беларусі найбольш старажытныя амулеты адносяцца да эпохі неаліту (паселішчы на Крывінскім тарфяніку ў Сенненскім раёне, каля вёскі Камень Пінскага раёна). Пашырыліся ў жалезным веку: апрача прасвідраваных зубоў і касцей жывёл, пачалі выкарыстоўваць разнастайныя металічныя амулеты. З'явіліся лунніцы (упрыгажэнні ў выглядзе паўмесяца), звязаныя з культам Месяца - часткай аграрнага культу. Пры раскопках раннесярэдневяковых курганоў знойдзены амулеты-падвескі - мініяцюрныя выявы сякер (сімвал Перуна), нажоў, лыжак. Выяўлена шмат амулетаў у выглядзе конікаў. Як амулеты-абярэгі, нібыта здольныя ахоўваць здароўе ўладальніка, выкарыстоўвалі медальёны-змеевікі, а таксама "змеегаловыя" бранзалеты, якія трапляюцца пераважна на паўночным усходзе Беларусі. Звышнатуральныя ўласцівасці прыпісваліся і некаторым каштоўным камяням. Напрыклад, у старажытнасці лічылася, што бурштын дабратворна ўплывае на здароўе таго, хто яго носіць. Падвескі з яго былі адначасова і ўпрыгажэннем. У язычніцкія часы ў якасці амулетаў насілі крыжападобныя падвескі, а пасля прыняцця хрысціянства - крыжыкі.

Э.М.Зайкоўскі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.