Ангон

АНГОН, доўгі двухшыпны чарашковы дроцік (кідальнае кап'ё). Пры пападанні ў цела ангон было цяжка дастаць, а нанесеныя ім раны прыносілі жорсткія пакуты. Калі ангон трапляў у шчыт, воін больш не мог свабодна ім валодаць і вымушаны быў пакідаць яго на полі бою. Ангон развіўся з кідальных коп'яў рымскіх легіянэраў - пілумаў. Лічыцца тыповай зброяй франкаў і англасаксаў у 5-8 ст. Двухшыпныя чарашковыя дроцікі, якія тыпалагічна ўзыходзяць да ангона, шырока выкарыстоўваліся ў 2-й пал. 1-га тыс. ў Скандынавіі, Фінляндыі, Латвіі, вядомы ў Літве і на паўднёвым захадзе Расіі. На тэрыторыі Беларусі знойдзены экзэмпляр ангона на гарадзішчы Пруднікі 8 ст. З пач. 2-га тыс. ангоны паступова выходзяць з ужытку. Аднак у Латвіі і на эстонскіх астравах іх працягвалі выкарыстоўваць у 11-13 ст. На землях Старажытнай Русі асобныя знаходкі ангонаў 10-13 ст. выяўлены на паўночным захадзе Расіі, у заходніх рэгіёнах Беларусі (гарадзішчы Маскаўцы, Турыйск, Брэст).

Літаратура:

  • Артемьев А. Р. О редких типах наконечников копий в Новгороде и Новгородской земле // Материалы по археологии Новгородской земли 1990. М., 1991.

М.А.Плавінскі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.