Антрапаген

АНТРАПАГЕН (грэч. anthropos чалавек + genos нараджэнне), антрапагенавы перыяд, чацвярцічны перыяд, апошні і самы кароткі ў гісторыі Зямлі геалагічны перыяд, які працягваецца і цяпер. Назву атрымаў паводле галоўнай адметнасці - з'яўлення чалавека. Ніжняя мяжа антрапагену дакладна не вызначана, па гэтай прычыне працягласць антрапагену вызначаюць ад 600-700 тыс. гадоў да 3-3,5 і нават 5,5 млн. гадоў. Розныя погляды існуюць наконт падзелу антрапагену. У большасці схем вылучаюць эаплейстацэн (верхняя частка папярэдняга неагенавага перыяду), плейстацэн, які ў сваю чаргу падзяляюць на раннюю, сярэднюю і познюю эпохі, і галацэн - сучасную эпоху. Найбольш характэрнай рысай антрапагену з'яўляецца неаднаразовае развіццё мацерыковых зледзяненняў. Паводле пашыранай у Заходняй Еўропе альпійскай схемы зафіксавана 5 зледзяненняў (дунайскае, гюнцкае, міндэльскае, рыскае, вюрмскае) і 4 міжледавікоўі. Даследчыкі Беларусі пабудавалі і абгрунтавалі некалькі стратыграфічных схем падзелу антрапагену. Для службовага карыстання з мэтай пераадольвання розначытанняў у Беларусі ў 1983 была зацверджана уніфікаваная рэгіянальная схема, згодна якой вылучаюць марэнныя комплексы нараўскага, бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў і белавежскага, александрыйскага, шклоўскага, муравінскага міжледавікоўяў. Агульная магутнасць антрапагенавых адкладаў на тэрыторыі Беларусі дасягае 300 м. З імі звязаны радовішчы будаўнічых матэрыялаў, паліва (торфу), водазабеспячэнне, на іх аснове фарміруюцца глебы. Антрапагенавыя адклады ўтвараюць сучасны рэльеф краіны, які мае выразны і моцны адбітак акумуляцыйнай дзейнасці ледавікоў. Менавіта ў гэтых адкладах захаваліся шматлікія археалагічныя аб'екты.

Падраздзяленні чацвярцічнага перыяду (антрапаген)
  Альпійская схема Рэгіянальная уніфікаваная схема чацвярцічных адкладаў (1983) Шкала часу (пачатак), тыс. гадоў назад
Галацэн Галацэнавы 10,3
Плейстацэн (антрапаген) верхні Вюрм Паазерскае зледзяненне 95
Рыс-Вюрм Муравінскае міжледавікоўе 110
сярэдні Рыс Прыпяцкае зледзяненне Сожскае зледзяненне
Шклоўскае міжледавікоўе
Дняпроўскае зледзяненне
320
Міндэль-Рыс Александрыйскае міжледавікоўе 460
ніжні Міндэль Беларускае зледзяненне Бярэзінскае зледзяненне 480
Гюнц-Міндэль Белавежскае міжледавікоўе 560
Эаплейстацэн верхні пліяцэн Гюнц Нараўскае зледзяненне 600
Дунай-Гюнц Брэсцкі гарызонт 700
Дунай Падсцілаючыя адклады 2,6 млн.

А.Г.Калечыц.

Літаратура:

  • Цапенко М.М., Махнач Н.А. Антропогенные отложения Белоруссии. Минск, 1959;
  • Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;
  • Геология Беларуси. Минск, 2001;
  • Еловичева Я.К. Эволюция природной среды антропогена Беларуси (по палинологическим данным). Минск, 2001.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.