Антрапалагічныя тыпы

АНТРАПАЛАГІЧНЫЯ ТЫПЫ, групы людзей у расавай класіфікацыі з комплексам агульных марфалагічных прыкмет (колер скуры, валасоў, вачэй, будова галавы, твару, цела і інш. у сучасных; будова чэрапа і шкілета ў выкапнёвых групах). Вялікія расы (еўрапеоідная, мангалоідная, негроідная) сфарміраваліся ў першабытных калектывах у выніку адаптацыі да экстрэмальных прыродных умоў. Гэтыя асаблівасці, замацоўваючыся ў генафондзе адпаведных папуляцый, перадаваліся у спадчыннасць на працягу мноства пакаленняў. Антрапалагічныя тыпы фарміраваліся значна пазней пад уплывам прыродных, сацыяльных фактараў, з-за міжрасавых і ўнутрырасавых змяшэнняў у выніку міграцыйнай актыўнасці чалавецтва. У сувязі з тым, што расавыя асаблівасці не перадаюцца ў спадчыну цэлым комплексам, на індывідуальным узроўні нельга вызначыць прыналежнасць да пэўнага антрапалагічныя тыпу. Звычайна арэалы антрапалагічныя тыпу не супадаюць з этнічнымі ці дзяржаўнымі межамі, бо не супадаюць час і заканамернасці фарміравання гэтых супольнасцей. Да аднаго Антрапалагічнага тыпу могуць належаць некалькі розных народаў, што сведчыць пра іх фарміраванне на генетычна роднаснай аснове, альбо адзін народ можа складацца з некалькіх антрапалагічных тыпаў з прычыны неаднароднасці яго паходжання. Адносная стабільнасць антрапалагічнага тыпы у часе і прасторы, абумоўленая спадчыннасцю, улічваецца пры вызначэнні вытокаў генетычнай роднасці пэўных этнатэрытарыяльных груп або выяўленні напрамку і ступені іншароднай прымесі ў выніку гістарычных перамяшчэнняў і скрыжаванняў розных плямёнаў і народаў. Сярод беларусаў вылучаюць верхнедняпроўскі (паўн.) і палескі (паўд.) антрапалагічны тып. Сярод прадстаўнікоў першага тыпу часцей сустракаюцца людзі са светлымі адценнямі вачэй і валасоў, увагнутай спінкай носа, з больш высокім ростам. У насельніцтва Беларусі у напрамку з ПдЗ на ПнУ назіраецца невялікае паслабленне еўрапеоідных рыс: больш плоскі твар, больш нізкая і шырокая пераносіца, змешаныя адценні колеру вачэй, менш густая барада ў мужчын. Сукупнасць антрапалагічных рыс дазваляе аднесці беларусаў да ўсх.-балтыйскага варыянта еўрапеоіднай расы.

І.І.Салівон.

Літаратура:

  • Алексеев В.П. География человеческих рас. М., 1974;
  • Аляксееў В.П., Вітаў М.У., Цягака Л.І. Расавая геаграфія беларусаў і праблемы этнагенезу. Мінск, 1994;
  • Салівон І.І. Фізічны тып беларусаў: узроставая, тыпалагічная і экал. зменліваспь. Мінск, 1994.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.