Антрапалогія

АНТРАПАЛОГІЯ (ад грэч. anthropos чалавек + logos слова, вучэнне), галіна прыродазнаўства, якая вывучае чалавека як прадстаўніка біялагічнага віду (жывы арганізм) і пэўнага сацыяльнага асяроддзя. Існуюць 2 напрамкі антрапалагічных даследаванняў, якім адпавядаюць 2 раздзелы навукі: біялагічны - фізічная антрапалогія і гуманітарны - культурная антрапалогія.

Біялагічныя заканамернасці паходжання, эвалюцыі, расаўтварэння і далейшай зменлівасці фізічных якасцей чалавека ў часе і прасторы вывучае фізічная антрапалогія, якая да 1960-х г. складалася з 3 асноўных раздзелаў: антрапагенезу (вывучае працэс фарміравання віда Homo sapiens, уключае палеаантрапалогію, прысвечаную біялагічнай зменлівасці старажытных людзей), расазнаўства (вызначае ўмовы і прычыны фарміравання і ўзаемадзеяння рас; часткай раздзела з'яўляецца эпичная антрапалогія, якая даследуе праблемы фарміравання антрапалагічных рыс падчас этнагенезу) і марфалогіі (вывучае заканамернасці зменлівасці будовы цела і органаў чалавека ў залежнасці ад спадчыннасці, умоў жыцця і працы). Апошні раздзел уключае саматалогію (узроставыя варыяцыі будовы цела сучаснага чалавека), мералогію (варыяцыі асобных органаў), дэрматагліфіку (варыяцыі скураных узораў), аданталогію (структурныя асаблівасці зубоў). У 2-й пал. 20 ст. вылучыліся раздзелы: аўксалогія (вывучае зменлівасць працэсаў росту і выспявання дзіцячага арганізма пры розных умовах жыцця); антрапагенетыка (вывучае заканамернасці генетычнай зменлівасці папуляцый чалавека); фізіялагічная антрапалогія. (прысвечана вывучэнню індывідуальных і папуляцыйных адаптыўных рэакцый на розныя ўмовы асяроддзя).

Культурная антрапалогія вывучае чалавека як сацыяльную істоту - яго культурныя, грамадскія і асабіста-псіхалагічныя функцыі. Даследаванню гэтых індывідуальных і калектыўных адметнасці людзей прысвечаны розныя навукі: этналогія (вывучае этнічныя адметнасці матэрыяльнай і духоўнай культуры розных народаў, іх паходжанне і панайкуменнае рассяленне, гістарычныя працэсы культурных ўзаемадзеяння), археалогія (прысвечана зменлівасці культур старажытнага насельніцтва ў сувязі з этнагенетычнымі працэсамі), псіхалогія, сацыялогія і інш.

Першыя звесткі пра антрапалогію сустракаюцца ў працах Герадота (5 ст. да н.э.), Арыстоцеля (4 ст. да н.э., увёў тэрмін " антрапалогія " як вучэнне пра духоўную прыроду чалавека) і інш. Вялікія геаграфічныя адкрыцці 15-16 ст. далі магчымасць пазнаёміцца з народамі Амерыкі, Афрыкі, Акіяніі, Усходняй Азіі і распачаць сістэматызацыю рас чалавека. У сярэдзіне 19 ст. антрапалогія выдзяляецца з анатоміі ў самастойную галіну ведаў і распрацоўвае свае метады даследаванняў і класіфікацыі рас, назапашваюцца і сістэматызуюцца звесткі пра розныя тыпы старажытнага і сучаснага насельніцтва. Ідэі біялагічнай роўнасці ўсіх рас закладзены ў 2-й палове 19 ст. ў працах рускіх антраполагаў К.М.Бэра, А.П.Багданава, Дз.М.Анучына, М.М.Міклухі-Маклая і развіты савецкімі вучонымі В.В.Бунаком, Ф.Боасам, Г.Ф.Дэбецам, Ф.Лушанам, Л.Нідэрле, Я.Я.Рагінскім, Г.А.Бонч-Асмалоўскім, М.Р.Левіным, М.М.Чабаксаравым, В.П. Аляксеевым, А.А.Зубавым і інш.

Даследаванні антрапалагічнага складу беларусаў пачаліся ў канцы 19 - пачатку 20 ст. (Дз.М.Анучын, М.А.Янчук, К.М.Ікаў, А.Н.Раждзественскі, А.Л. Здраеўскі, А.А.Піянткоўскі, Я.Мыдлярскі, Ю.Д. Талька-Грынцэвіч). Вынікі іх даследаванняў абагульнялі А.А.Іваноўскі (1905), Я.М.Чапуркоўскі (1918). У 1920-30-я г. В.В.Бунак вывучаў фізічны тып і размеркаванне груп крыві ў беларусаў, даследаваў краніялагічныя калекцыі сярэдневяковага насельніцтва Беларусі. Па ініцыятыве А.К. Ленца ў 1926 пры Інбелкульце створана антрапалагічная камісія, пазней рэарганізаваная ў кафедру антрапалогіі Бел. АН. Планамерныя даследаванні насельніцтва Слуцкага, Мазырскага, Магілёўскага, Аршанскага раёнаў пачалі Ю.М.Верамецкая, А.Я.Вішнеўская, А.А.Смірноў, Д.Н.Эйнгорн. Рэарганізацыя кафедры антрапалогіі ў НДІ псіханеўралогіі перапыніла антрапалагічныя даследаванні на тэрыторыі Беларусі. У 1930-40-я г. антрапалагічны склад насельніцтва пач. 2-га тыс. н.э. вывучалі супрацоўнікі Інстытута этнаграфіі АН СССР Г.Ф.Дэбец. Т.А.Трафімава, потым В.В.Сядоў, Т.І.Аляксеева. Антрапалагічныя асаблівасці сучасных дарослых жыхароў Беларусі ў 1950-я г. вывучалі Р.Я.Дзянісава, В.В.Бунак, У.Дз.Дзячэнка. У 1965 пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР створана група антрапалогіі (у 1990 пераўтворана ў аддзел антрапалогіі і экалогіі, які ў 2008 пераведзены ў ІГ НАН Беларусі). Пад кіраўніцтвам Л.І.Цягака пачаліся планамерныя комплексныя антрапалагічныя даследаванні фізічнага тыпу старажытнага (І.І.Салівон, А.І.Кушнір) і сучаснага дарослага насельніцтва Беларусі (І.І.Салівон), заканамернасцей росту і развіцця дзяцей і падлеткаў у розных экалагічных умовах (І.І.Салівон, Н.І.Поліна, В.У. Марфіна, Т.Л.Гурбо, Н.Н.Памазанаў), дэрматагліфічных (Л.І.Цягака) і аданталагічных (Л.І.Цягака, В.В.Гатальскі) асаблівасцей, размеркавання груп крыві і інш. фенатыпаў, генетычна абумоўленых прыкмет, генадэмаграфічных працэсаў у сельскага (А.І.Мікуліч, Н.Н.Памазанаў) і гар. (В.У.Марфіна) насельніцтва Беларусі. Пасля чарнобыльскай катастрофы 1986 даследаванні накіраваны на вывучэнне канстытуцыянальных (І.І.Салівон, Н.І.Поліна, Т.Л.Гурбо) асаблівасцей адаптыўных працэсаў у сучасных папуляцыях Беларусі.

В.У.Марфіна, І.І.Салівон.

Літаратура:

  • Слободчиков В.И., Исаев Е.И. Основы психологической антропологии. М., 1995;
  • Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы антропологии и экологии человека. Минск, 1997;
  • Кукушкин B.C., Столяренко Л.Д. Этнопедагогика и этнопсихология. Ростов-на-Дону, 2000;
  • Саливон И.И., Полина Н.И. Количественный подход к определению типов телосложения у школьников. Минск. 2003;
  • Беларусы. Т. 9. Антрапалогія. Мінск, 2006;
  • Тегако Л.Дметинский Е. Антропология. Минск, 2008.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.