Антрапаморфныя выявы

АНТРАПАМОРФНЫЯ ВЫЯВЫ, узнаўленне ў мастацкіх вырабах выяўленчымі сродкамі аблічча чалавека. Узровень выканання графічных і скульптурных (у т.л. рэльефных) антрапаморфных выяў старажытнага часу адпавядае агульнаму ўзроўню развіцця мастацтва і залежыць ад светапогляду адпаведнага часу. На ранніх этапах гісторыі мелі пераважна культавае прызначэнне.

У Беларусі самыя раннія графічныя антрапаморфныя выявы вядомы па гравіраваных малюнках на косці, выяўленых на неалітычным паселішчы каля воз. Вячэра (Любанскі р-н). Выявы людзей трапляюцца таксама на гліняным посудзе з паселішчаў позняга неаліту-ранняга бронзавага веку Юравічы (Калінкавіцкі р-н) і Асавец (Бешанковіцкі р-н). У Асаўцы знойдзены і аб'ёмныя антрапаморфныя выявы - скульптуркі мужчын еўрапеоіднага тыпу, якія адлюстроўваюць рысы канкрэтных людзей. У адрозненне ад палеаліту, калі галоўным у мастацтве быў паказ жаночага цела, біялагічнага пачатку ў чалавеку, неалітычныя мастакі аддавалі перавагу паказу твара, паколькі чалавек усё больш усведамляў сябе мыслячай істотай. У перыяд позняга бронзавага веку і асабліва ў жалезнага веку амаль знік арнамент на кераміцы, невядомы таксама графічныя і скульптурныя выявы людзей.

Да позняга перыяду першабытнай эпохі і ранняга феадалізму належаць выяўленыя ў розных мясцінах Беларусі каменныя і металічныя язычніцкія ідалы. Знаходкі іх вядомы па шляху з Рэчыцы ў Бабруйск (чатырохтвары ідал), каля Шклова, Слоніма, Полацка, Барысава і інш. Драўляныя ідалы (іх было значна больш) не захаваліся. Пасля прыняцця хрысціянства ў канцы 10 ст. ідалаў пачалі знішчаць або перарабляць на крыжы. Такія выявы вядомы ў ваколіцах вёсак Даўгінава Вілейскага, Грабаўцы і Залуззе Жабінкаўскага раёнаў.

У перыяд феадалізму побач з народным з'яўляецца прафесійнае мастацтва, на якое значны ўплыў аказала мастацтва Візантыі, Балгарыі і інш. Еўрапейскіх краін з багатымі традыцыямі жывапісу, кніжнай мініяцюры. Антрапаморфныя выявы на фрэсках полацкіх Сафійскага сабора і Спаса-Ефрасіннеўскай царквы напісаны ў класічнай візантыйскай манеры, у некаторых наглядаецца адыход ад візантыйскіх узораў. Шмат выяў людзей ёсць на кніжных мініяцюрах Аршанскага Евангелля, Ізборніка Святаслава 1073 і інш. У дробнай пластыцы антрапаморфных выяў трапляюцца ў выглядзе шахматных фігурак (знойдзены ў Лукомлі, Ваўкавыску, Брэсце, Гродне і інш.; часцей з канкрэтнымі рысамі свецкіх персанажаў), каменных і металічных абразкоў 12-13 ст. (Полацк, Гродна, Пінск, Мінск, Гарадзішча Мінскага р-на, Ваўкавыск, Копысь і інш.), на пячатках, змяшчае іх і кампазіцыя на крыжы Ефрасінні Полацкай.

У 14-16 ст. шматлікія выявы людзей трапляюцца сярод твораў жывапісу (у гэты час у Беларусі развіваўся партрэтны жанр), скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на кніжных мініяцюрах (Радзівілаўскі летапіс), гравюрах першых друкаваных выданняў (у т.л. Ф.Скарыны), кафлі.

Літаратура:

  • Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мінск, 1987;
  • Лазука Б.А. Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мінск, 2007.

Э.М.Зайкоўскі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.