Анты

АНТЫ (лац. Antes, Anti), славянскае военна-палітычнае аб'яднанне 6-7 ст., вядомае па звестках шэрага візантыйскіх аўтараў. Паводле Іардана (6 ст.), анты і склавіны з'яўляліся часткамі "шматлікага племя венетаў". Ім дадзены канкрэтныя геаграфічныя прывязкі, якія дазваляюць лакалізаваць антаў у перыяд экспансіі на Балканы. Па меркаванні таго ж аўтара, анты - "самыя магутныя з іх (славян)", жылі паміж Днястром і Дняпром, дзе "Пантыйскае мора ўтварае дугу". Пракопій Кесарыйскі вызначае некалькі больш шырокія геаграфічныя межы знаходжання антаў - ад Ніжняга Падунаўя да Прыазоўя (на поўнач ад балгар-утыгураў). Тэрмін " анты ", надумку лінгвістаў, служыў для вызначэння славян у іранамоўных этнасаў. Упершыню ён сустракаецца ў аўтараў 1 ст. - Пампонія Мелы і Плінія Старэйшага ў пераліку народаў, што насялялі Каўказ. Відавочна, гэта назва была перенесена ў больш позні час на суседняе славянскае насельніцтва і азначала "пабрацімы, саюзнікі" або "жывучыя на ўскраіне (стэпу)". Першае ўпамінанне аб антах-славянах адносіцца да к. 4 ст. Iapдан прыводзіць звесткі, што ў хуткім часе пасля навалы гунаў астраготы Вінітарыя, пасля перамогі над антамі, распялі іх "караля" Боза з сынамі і старэйшынамі. Ад канчатковага паражэння антаў выратаваў правадыр гунаў Баламбер, які разграміў астраготаў і забіў Вінітарыя. Гэта звестка дазваляе лічыць антаў саюзнікамі гунаў. Іншыя аўтары, якія апісваюць гэты перыяд, антаў не згадваюць. Таму не выключана, што Іардан перанёс імя добра вядомых яму антаў 6 ст. на рэчаіснасць больш ранняга часу. Аб гэтым можа сведчыць імя правадыра готаў Вінітарыя, якое можа быць інтэрпрэтавана як "пераможца венедаў". Такім чынам, "Анты Боза" належалі да таго адзінага народа венедаў, які ў гэты перыяд або ў хуткім часе пасля апісаных падзей падзяліўся на венедаў, антаў і склавінаў. Звесткі аб паходах антаў на Візантыю пачынаючы з 527 больш шматлікія. Так, Пракопій упершыню даў разгорнутую этнакультурную характарыстыку склавінам і "незлічоным плямёнам антаў". Візантыйскімі крыніцамі зафіксаваны імёны правадыроў антаў: Мезамір, Ідарызій, Калагаст. На працягу 2-й пал. 6 ст. ў Падунаўі авары пастаянна ваявалі з антамі, спусташаючы іх землі. Паводле Менандра Пратэктара, адна са спроб заключэння міру і выкупу зняволеных скончылася забойствам аварамі пасольства антаў на чале з Мезамірам. Прынята лічыць, што ў апошні раз анты ўпамінаюцца ў Феафілакта Сімакаты і Феафана, якія пад 602 паведамляюць аб паходзе авараў на чале з Апсіхам супраць антаў (саюзнікаў рамеяў) з мэтай іх знішчэння. У час падрыхтоўкі карнай акцыі ў стаўцы кагана ўспыхнуў мяцеж. Таму невядома, ці адбыўся паход на антаў, а калі адбыўся - наколькі паспяховым ён быў. Верагодна, імя антаў у пач. 7 ст. паглынаецца агульным этнонімам славян. Храналагічныя і геаграфічныя прывязкі дазваляюць лічыць археалагічным эквівалентам антаў насельніцтва, якое ўтварыла пянькоўскую культуру 5-7 ст. Яе арэал ахопліваў паўднёвую частку лесастэпу ад Северскага Данца да Прута і далей да Ніжняга Падунаўя. Для пянькоўскай, а таксама паўднёвай часткі калочынскай культуры характэрны рэчы кола "старажытнасцей антаў", што належалі перш за усё сацыяльным вярхам грамадства.

Анты
Поясная гарнітура кола "старажытнасцей антаў" Мартынаўскага скарбу (Сярэдняе Падняпроўе).

Набор упрыгажэнняў з бронзы і серабра ўключаў пальчатыя і літыя дунайскія фібулы, бранзалеты з патоўшчанымі канцамі, шыйныя грыўні, заа- і антрапаморфныя фігуры і інш. У багатых скарбах з Мартынаўкі, Козіеўкі, Новай Адэсы, Суджы, Каласкова, Трубчэўска, Гапонава і інш. акрамя жаночых упрыгажэнняў сустракаюцца дэталі вайсковага рыштунку (перш за ўсё паясныя наборы "геральдычнага" стылю), якія вызначаюць статус іх уладальнікаў у вайсковай іерархіі. Прэстыжныя ўпрыгажэнні кола "старажытнасцей антаў" падкрэслівалі своеасаблівасць гэтага магутнага ваенна-палітычнага аб'яднання. Асабістыя юртапа-добныя пабудовы і пахаванні з трупапалажэннем, вядомыя ў арэале пянькоўскай культуры, відавочна, сведчаць аб тым, што ў складзе антаў знаходзіліся не толькі славяне, але і нейкая частка качавога насельніцтва (магчыма, балгар). Маецца на ўвазе, што "выпаданне скарбаў" у 2-й пал. 7 ст. магло быць вызвана экспансіяй правабярэжных славянскіх плямёнаў на тэрыторыю пянькоўскай і калочынскай культур альбо разгромам хазарамі Вялікай Балгарыі і саюзных балгарам антаў. Да к. 7 ст. належыць і фінал пянькоўскай культуры. На тэрыторыі Беларусі рэчы антаў сустракаюцца на археалагічных помніках Падняпроўя і Прыпяцкага Палесся.

Анты
Упрыгажэнні кола "старажытнасцей антаў" Мартынаўскага скарбу (Сярэдняе Падня проўе).

Літаратура:

  • Гавритухин И.О., Обломский A.M. Гапоновский клад и его культурно-исторический контекст // Раннеславянский мир. М., 1996. Вып. 3;
  • Приходнюк О.М. Пеньковская культура. Воронеж, 1998;
  • Свод древнейших письменных известий о славянах (I-VI вв.). Т. 1-2. М., 1991-95;
  • Седов В.В. Славяне в раннем средневековье. М., 1995.

Р.У.Церпілоўскі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.