Анусіна

АНУСІНА, археалагічныя помнікі - курганныя могільнікі каля вёскі Анусіна Мінскага раёна. Могільнік-1 за 0,15 км на захад ад паўночнай ускраіны вёскі. На ўзгорку 42 насыпы (у канцы 19 ст. было 80), дыям. 5-7,5, выш. да 1 м, значная колькасць пашкоджана ямамі. У 1983 абследаваў Э.М.Зайкоўскі, 4 курганы раскапаў Ю.А.Заяц. У 2 курганах пахаванняў не было, у астатніх - пахаванні па абраду трупапалажэння галавой на захад, у падкурганных ямах глыб. 0,3-0,6 м, выкапаных у межах рытуальных вогнішчаў (у кургане № 3 абкладзена камянямі). У жаночым пахаванні знойдзены скроневыя кольцы (пярсцёнкападобныя з заходзячымі канцамі і адваротным завітком на адным з іх), шкляныя бочачкападобныя і цыліндрычныя пазалочаныя пацеркі, бронзавыя пярсцёнак, ланцужок, грушападобная бразготка з крыжападобнай прораззю, рэшткі баваўнянага шнурка.

Могільнік - 2 за 0,6 км на паўднёвы захад ад вёскі, у лесе. 22 курганы паўсферычныя дыям. 4,5-8 м і авальныя памерамі да 7 х 8 м, выш. 0,7- 1,5 м. Каля аднаго з насыпаў серпападобныя ямы. У 1988-1989 Ю.А.Заяц даследаваў 6 курганоў. Пахавальны абрад - трупапалажэнне галавой на захад у падкурганных ямах глыб. 0,4-0,6 м і на грунце. У 4 насыпаў каменныя агароджы, у кургане № 7 - імітацыя агнішча ці печыкаменкі. Знойдзены пярсцёнкападобныя, трохпацеркавыя, бранзалетападобныя з завязанымі канцамі скроневыя кольцы, пярсцёнкі, спражка, пацеркі шкляныя і сердалікавыя.

Могільнікі датуюцца 11 - пач. 12 ст.

Літаратура:

  • Заяц Ю.А. Анусинские курганы // ГАЗ. Мінск, 1996. № 10.

Ю.А.Заяц.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.