Апонаўцы

Апонаўцы, археалагічны помнік - бескурганны могільнік яцвягаў каля в. Апонаўцы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. За 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, на пакатым узвышшы памерам 150 х 80 м, выцягнутым з усходу на захад. Адкрыў у 1887 і даследаваў 14 пахаванняў у 1891 В.А. Шукевіч, у 1888 Э.А. Вольтэр даследаваў 51 пахаванне. Пахаванні 2 тыпаў: больш старажытныя каменныя муроўкі ў 3-4 паралельныя радкі, форма муру прамавугольная; муроўкі пазнейшага часу авальнай формы з 1-2 вялікімі камянямі ў галавах і нагах. Пахавальны абрад - трупапалажэнне ў ямах глыб. 0,6-1,3 м, нябожчык абкладзены дошкамі. У запаўненні магіл выяўлены вугальныя праслойкі. Інвентар мужчынскіх пахаванняў: баявыя сякеры, жалезныя нажы і кінжалы, крэсівы, паясны набор (спражкі, бронзавыя накладкі). Інвентар жаночых пахаванняў: сярэбраныя (адзін з выявай птушкі) і бронзавыя пярсцёнкі, скроневыя кольцы, бронзавыя бранзалеты і завушніцы, бразготкі, бляшкі рознай формы і дробныя шкляныя пацеркі ад галаўнога ўбору, кавалкі тканіны, пражская грошы 15ст. і літоўскія дэнарыі 14-15 ст., у т.л. дэнарый Вітаўта пач. 15 ст. з надпісам "печать" на адным баку і выявай кап'я і крыжа - на другім.

Літаратура:

  • Квятковская А.В. Ятвяжские могильники Беларуси (к. ХІ-XVII вв.). Vilnus, 1998.

А. В. Квяткоўская.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.