Аплікатыўны метад

Аплікатыўны метад, метад рэмантажу, адзін з метадаў тэхналагічнага аналізу ў археалогіі, які накіраваны на рэканструкцыю палеатэхналогій каменнага і бронзавага вякоў. Галоўнай мэтай аплікатыўнага метада з'яўляецца аднаўленне структуры артэфакта шляхам аплікацыі - паслядоўнага складання (падбору) падобных па форме прадметаў, т. зв. "складняў". Гэта своеасаблівая тэхналагічная мадэль, сканструяваная з прадметаў, якія выступаюць сапраўднымі археалагічнымі крыніцамі. Аплікатыўны метад дазваляе прасачыць дынаміку развіцця вытворчасці пэўных вырабаў, аднавіць працэс тэхналогіі апрацоўкі сыравіны (напрыклад, з дапамогай паслядоўнага падбору да нуклеуса сколатых з яго асобных адшчэпаў). Аплікацыя прадметаў робіць больш канкрэтным і аб'ектыўным вызначэнне некаторых катэгорый вырабаў пры стварэнні тыпалагічных і тэхналагічных класіфікацый, а таксама ўдакладняе дадзеныя аб характары археалагічнага помніка, ступені захаванасці культурнага пласта, наяўнасці або адсутнасці культурна-гаспадарчых комплексаў.

Літаратура:

  • Аксенов М.П. Аппликативный метод // Археология и этнография Сибири: тез. докл. Иркутск, 1978;
  • Гиря Е.Ю. Технологический анализ каменных индустрий. Методика микромакроанализа древних орудий труда. Ч. 1-2. Санкт-Петербург, 1997.

А.У.Коласаў.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.