Арава

Арава, археалагічны помнік - курганны могільнік на правым беразе р. Друць, за 0,5 км ад в. Арава Круглянскага раёна Магілёўскай вобл. 19 курганоў на ўзлессі і ў полі выш. 0,9-1,6 м, дыям. 5-10 м. Адкрыў у 1930 А.З.Каваленя. У 1967 З.М.Сяргеева даследавала 1 курган. Выяўлена трупаспаленне ў 3 урнах, змешчаных у драўляным зрубе: у 2 пахаваны па адным дарослым, у 1 - дзіця. Урны зроблены на ганчарным крузе, аздоблены хвалістым арнаментам. На адным з донцаў - таўро ў выглядзе 6-канцавой зоркі. Унутры зруба знойдзены 2 жалезныя нажы і бронзавы пярсцёнак з завязанымі канцамі. У 1989 В.Ф.Капыцін абследаваў могільнік. У 1993 Я.Р.Рыер даследаваў 3 курганы. Адзін з іх быў разрабаваны, у другім у перавернутым гаршку выяўлена трупаспаленне, зробленае па-за курганам. Над ім у насыпе - жалезная сякера. Гаршчок-урна датуецца II ст. У цэнтры трэцяга кургана зафіксавана трупапалажэнне галавой на захад у насыпе на зольнай падсыпцы. Пры нябожчыку знойдзены фрагменты жалезнага крэсіва і падковападобнай спражкі са спіралепадобнымі канцамі (11 - 12 ст.). Над пахаваннем - фрагмент пласціністага пярсцёнка. За 2 м на захад у насыпе выяўлена яшчэ адно пахаванне з заходняй арыентацыяй, без рэчаў. Чарапы 2 нябожчыкаў - са слядамі пашкоджанняў.

Літаратура:

  • Каваленя А.З. Археалагічныя росшукі ў вярхоўях рэк Друці, Усяж-Бук і Лукомкі // Працы. Т. 3;
  • Копытин В.Ф. Археологические памятники Круглянского района Могилевской области. Могилев, 1991.

Я.Р.Рыер.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.