Археабатаніка

Археабатаніка (ад грэч. archaios старажытны + botanike ад botane трава, расліна), навука, якая вывучае рэшткі расліннага паходжання з раскопак помнікаў археалогіі: абпаленае збожжа, адбіткі раслін на кераміцы, матэрыялы, атрыманыя ў выніку флатацыі культурнага пласта. Абпаленае збожжа трапляецца ў час раскопак паселішчаў з 2-й пал. 1-га тыс. (гарадзішчы Вежкі, Нікадзімава, Свіла), старажытных гарадоў Беларусі, пераважна з пач. 2-га тыс. - Віцебск, Друцк, Лукомль, Мсціслаў, Полацк, Свіслач, Слуцк, Тураў, Строчыцкае гарадзішча пад Мінскам і інш. Адбіткі расліннага паходжання на кераміцы храналагічна адносяцца да эпохі першабытнасці (4-е тыс. да н.э. - 1-я пал. 1-га тыс. н.э.). У час неаліту сярод штучных раслінных дамешкаў у гліняным цесце пераважалі сцёблы і зрэдку траплялася насенне. У перыяд ранняга жалезнага веку ў якасці арганічнага абястлушчвальніка выкарыстоўвалася зерне цвёрдай і мяккай пшаніцы, ячменю, проса. Уключэнні апошняга звычайна дамінуюць сярод адбіткаў на ляпным посудзе. Іншы раз сустракаюцца ўцісканні гароху і бобу, пустазелля - драсёнаў звычайнага і павойнага, мяшэяў зялёнага і шызага, куколя звычайнага, жыта. Насенне збожжавых культур, бабовых і пустазелля прысутнічаюць на кераміцы жыхароў мілаградскай, зарубінецкай, штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культур. Выявіць увесь спектр расліннай арганікі, што ўтрымліваецца ў культ, пласце паселішчаў, дапамагае метад флатацыі, заснаваны на ўсплыванні здробненых частак раслін. Батанічныя матэрыялы адрозніваюцца метадамі атрымання і далейшага даследавання ў лабараторных умовах. У Беларусі археабатанічныя даследаванні абпаленага збожжа распрацоўваліся Т.М.Каробушкінай у 1970-90-я г., вывучэнне адбіткаў раслін на керамічным посудзе ажыццяўляецца з 1990-х г. Упершыню метад флатацыі выкарыстаны ў 1991-92 М.ІЛашанковым пры даследаваннях гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі Пятровічы Бабруйскага раёна.

Літаратура:

  • Коробушкина Т.Н. Земледелие на территории Белоруссии в X-XIII вв. Минск, 1979;
  • Лашанкоў М., Траццякоў Д. Палеаэтнабатанічныя даследаванні матэрыялаў з помнікаў ранняга жалезнага веку паўднёва-ўсходняй Беларусі // ГАЗ. Мінск, 2005. №20;
  • Лошенков М.И. Археоботанические материалы с зарубинецкого селища Хотомель // Ботаника (исследования): сб. науч. тр. Минск, 2008. Вып. 35;
  • Яго ж. Новые материалы по земледелию у населения милоградской культуры // Там жа. Минск, 2009. Вып. 37.

М.І.Лашанкоў.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.