Археалагічныя з'езды

АРХЕАЛАГІЧНЫЯ З'ЕЗДЫ. Склікаліся кожныя тры гады з 1869 па 1914 па ініцыятыве Маскоўскага археалагічнага таварыства (МАТ) з мэтай каардынацыі дзейнасці навуковых археалагічных аб'яднанняў, папулярызацыі гісторыка-археалагічных даследаванняў, фарміравання і развіцця правінцыяльных музеяў. Праведзена 15 з'ездаў: I у 1869 (Масква), II - 1871 (Пецярбург), III - 1874 (Кіеў), IV - 1877 (Казань), V- 1884 (Адэса), VI - 1887 (Яраслаўль), VII - 1890 (Масква), VIII - 1891 (Тбілісі), IX - 1893 (Вільна, гл. Археалагічны з 'езд дзевяты), X- 1896 (Рыга), XI - 1899 (Кіеў), XII - 1902 (Харкаў), XIII - 1905 (Кацярынаслаў), XIV - 1908 (Чарнігаў), XV - 1911 (Ноўгарад). 16-ы археалагічны з’езд назначаны на 1914 у Пскове, быў адкладзены ў сувязі з пачаткам 1-й сусветнай вайны.

Ідэя правядзення археалагічных з’ездаў высказана старшынёй МАТ графам А.С.Уваравым. Дазвол на адкрыццё 1-га археалагічнага з’езду атрыманы 27.4.1867. Археалагічныя з’езды знаходзіліся ў ведамстве Міністэрствава народнай асветы, якое зацвердзіла ў 1868 правіла іх правядзення. Месца археалагічнага з'езда вызначалася на апошнім пасяджэнні з'езда, дзе адбыліся выбары папярэдняга камітэта для арганізацыі падрыхтоўчай работы. Функцыі навуковага кантролю археалагічнага з'езду вызначаў вучоны камітэт (старшыні з'ездаў і сакратары аддзяленняў). Праграма дзейнасці археалагічнага з'езда уключала навуковыя пасяджэнні, даклады і выстаўкі. З'езды насілі тэматычны характар і былі прысвечаны праблемам славянскай археалогіі і старажытнасцям Кіева, Казані, Беларусі і Літвы, комплекснаму вывучэнню Каўказскага рэгіёна і пытанням усходняй і візантыйскай археалогіі, гісторыі засялення Прычарнамор'я, вывучэнню і захаванню рускай культуры і праваслаўнага мастацтва, царкоўнай археалогіі, 25-гадоваму юбілею МАТ. Традыцыйнымі аддзяленнямі ў праграме работы з'ездаў былі "Старажытнасці першабытныя", "Помнікі мастацтва", "Помнікі пісьменства і мовы", "Гістарычная геаграфія і этнаграфія". Арганізацыяй выставак займаліся папярэднія камітэты, супрацоўнікі якіх адшуквалі і адбіралі экспанаты, складалі іх навуковыя апісанні, экспазіцыю, рыхтавалі каталог. У выстаўках удзельнічалі архівы, музеі, грамадскія аб'яднанні, калекцыянеры, шматлікія рэлігійныя арганізацыі, цэрквы і манастыры.

Літаратура:

  • Лебедев Г.С. История отечественной археологии, 1700-1917 гг. Санкт-Петербург, 1992.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.