Археаіхтыялогія

Археаіхтыялогія, галіна археазааяогіі, якая вывучае рэшткі рыб. Устанаўленне па касцях і лусцы відаў, памераў, узросту рыб дазваляе рэканструяваць змяненні ў складзе іхтыяфауны, экалагічныя ўмовы існавання, тып харчавання старажытнага чалавека, спосабы лову, ролю промыслу ў гаспадарчым жыцці. Першыя даследаванні былі зроблены ў сяр. 19ст. ў Швейцарыі, Даніі, Нідэрландах, Расіі (К.Кеслер - неаліт Ладажскага воз.). Важнае значэнне для развіцця археаіхтыялогіі мела заснаванне ў 1981 у г. Копенгаген Рабочай групы па вывучэнні касцявых рэшткаў рыб пры Міжнародным савеце па археазаалогіі, які аб'ядноўвае каля 150 даследчыкаў з розных краін. Першапачаткова беларускія матэрыялы з Гродна, Ваўкавыска, гарадзішча Чаплін вывучаліся на біялагічным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта ў 1960-я г. Даследаванні ў археаіхтыялогіі з к. 1990-х г. праводзяцца ў ІГ НАН Беларусі (вызначэнне касцей) і Інстытуце заалогіі НАН Беларусі (вызначэнне лускі). У Беларусі налічваецца каля 50 іхтыялагічных калекцый з археалагічных помнікаў каменнага веку (Крывінскія стаянкі), жалезнага веку і ранняга сярэдневякоўя (гарадзішчы Рацюнкі, Клішына, Мікольцы), раннефеадальных гарадоў, замкаў і вясковых паселішчаў (Гомель, Маскаўцы, Свіслач, Слабодка, Тураў і інш.).

Літаратура:

  • Поболь Л.Д., Цепкин Е.А. Рыбы Чаплинскага городища // ВАНБ. 1960. № 2;
  • Цепкин Е.А. Промысловые рыбы древнего Волковыска // Древности Белоруссии. Минск, 1969;
  • ЛяшкевичЭ.А. Ихтиофауна стоянок каменного и бронзового веков Северной Белоруссии // ГАЗ. Мінск, 2001. № 16;
  • Яе ж. Рыболовство в средневековом Гродно (по материалам раскопок Старого замка) // Там жа. Мінск, 2004. № 19.

Э.А.Ляшкевіч.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.