Археалагічная практыка

АРХЕАЛАГІЧНАЯ ПРАКТЫКА, вучэбна-метадычны курс, прадугледжаны праграмай для студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ. Паводле вучэбнай праграмы для практыкі адводзіцца 18-21 дзень. За гэты час студэнты павінны авалодаць навыкамі пошуку і раскопак археалагічных помнікаў, апрацоўкі знаходак і вядзення палявой дакументацыі. Археалагічная практыка складаецца з падрыхтоўчага, асноўнага і заключнага этапаў. Спачатку студэнты-практыканты атрымліваюць тэарэтычную падрыхтоўку на лекцыях, знаёмяцца з відамі археалагічных помнікаў, методыкай іх выяўлення і даследавання, умовамі палявога побыту археалагічнай экспедыцыі, тэхнікай бяспекі. Удзельнікі экспедыцыі забяспечваюцца неабходным інвентаром, абсталяваннем, транспартам, грашовымі сродкамі. На 2-м этапе студэнты-практыканты пад кіраўніцтвам выкладчыка, які мае адкрыты ліст, займаюцца выяўленнем і апісаннем археалагічных помнікаў (гарадзішчаў, паселішчаў, могільнікаў і інш.), удзельнічаюць у раскопках, знаёмяцца з тэхнікай вядзення палявой дакументацыі, пярвічнай апрацоўкі і кансервацыі археалагічных знаходак. На заключным этапе падводзяцца вынікі практыкі. У пачатку новага вучэбнага года праводзяцца канферэнцыі, на якіх заслухоўваюцца паведамленні кіраўніка практыкі і студэнтаў, дэманструюцца матэрыялы палявога сезона (слайды, фотаздымкі, знаходкі). Інфармацыя аб выніках археалагічнай практыкі змяшчаецца ў зборніку канферэнцыі, сродках масавай інфармацыі, у справаздачы аб палявых даследаваннях.

Літаратура:

  • Авдусин Д.А. Полевая археология. М., 1980;
  • Левко О.Н. Практическая археология. Могилев, 2006.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.