Археазаалогія

Археазаалогія (грэч. archaios старажытны + zoon жывёла + logos слова, вучэнне), навуковая галіна, якая вывучае фауністычныя рэшткі з археалагічных помнікаў. Археазаалогія спалучае ў сабе элементы прыродазнаўчых і гуманітарных навук. Пачатак бярэ ў 2-й пал. 19 ст. разам са станаўленнем археалогіі каменнага веку. Заснавальнікам навукі лічыцца Л.Рюцімеер. Ад археалогіі, палеанталогіі і традыцыйнай біялогіі археазаалогія аддзялілася ў 1950-я г., што замацавана рашэннем міжнароднага сімпозіума 1961 у г. Кіль (Германія). У 1971 у Будапешце (Венгрыя) створана секцыя па праблемах археазаалогіі, ператвораная ў 1976 у Міжнародны савет па археазаалогіі. Вырашае задачы: даместыкацыі жывёл, ацэнкі ўкладу палявання ў эканоміку і арганізацыі паляўнічай гаспадаркі; характарыстыкі асноўных форм і накірункаў жывёлагадоўлі; умоў і мадэлей утрымання, гадоўлі жывёл з вызначэннем пародных асаблівасцей, захворванняў і паталогій. Археазаалогія дазваляе праводзіць разлікі мяснога харчавання ў сістэме жыццезабеспячэння старажытных плямён, устанаўліваць суадносіны паміж галінамі гаспадаркі, вызначаць маштабы абменна-гандлёвых сувязей і іх значэнне ва ўстойлівасці гаспадарчых тыпаў. Асобныя спецыяльнасці археазаалогіі вывучаюць касцявыя рэшткі млекакормячых, птушак, рыб, даследуюць скуры, воўну, пух, валасы. Незалежным кірункам археазаалогіі з'яўляецца вывучэнне выяў і фігурак жывёл, зааморфных рэчаў. Рэшткі млекакормячых з археалагічных помнікаў Беларусі ад палеаліту да сярэдневякоўя з 1930-х г. вывучалі расійскія даследчыкі В.Я.Гарут, В.І.Громаў, І.Г. Проніна, В.І.Цалкін. Косці птушак ідэнтыфікавалі К.Е.Анціпіна, М.І.Бурчак-Абрамовіч, А.М. Дарафееў, Н.У.Зелянкоў, Я.М.Курачкін. Працы па вызначэнні рэшткаў жывёл з раскопак 1950-х г. у ІГ НАН Беларусі наладзіла В.В.Шчаглова, з сяр. 1970-х г. вывучэнне калекцый праводзіла Н.П.Александровіч, з к. 1990-хг. працуюць В.А.Блашко, А.А.Разлуцкая. Вызначэнні фауны з помнікаў археалогіі рабілі В.І.Бібікава, А.М.Жураўлёў, А.Д.Пісаненка, Л.М.Рэкавец, Н.М.Сілёнак, палеантолагі П.Ф.Каліноўскі, А.М.Матузка, герпетолаг В.А.Бахараў, іхтыяфауны - Э.А.Ляшкевіч.

Літаратура:

  • Бурчак-Абрамович Н.И. К изучению орнитофауны древнего Волковыска // Тезисы докладов к конференции по археологии Белоруссии. Минск, 1969;
  • Яго ж. Материалы к изучению орнитофауны Древнего Волковыска // Там жа;
  • Калиновский П.Ф. Териофауна позднего антропогена и голоцена Белоруссии. Минск, 1983;
  • Щеглова В.В. Роль охоты в снабжении мясом населения на территории Беларуси в X-XIV вв. // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі. Мінск, 1993;
  • Разлуцкая А.А. Промысел медведя в неолите и ранней бронзе на Севере Беларуси (по материалам стоянки Асовец-2) // ГАЗ. Мінск, 2001. № 16;
  • Яе ж. Фауна замка Свислочь // Там жа. Мінск, 2004. №19;
  • Антипина Е.Е. Археозоологические исследования: задачи, потенциальные возможности и реальные результаты // Новейшие археозоологические исследования в России. М., 2003;

А.А.Разлуцкая.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.