Археалогія абарончых збудаванняў

АРХЕАЛОГІЯ АБАРОНЧЫХ ЗБУДАВАННЯЎ. Вывучае помнікі ваенна-інжынернага мастацтва. На тэрыторыі Беларусі ўзнікла ў пач. 20 ст. У 1903 пад кіраўніцтвам акадэміка У.В.Суслава вывучаўся архітэктурны помнік 13 ст. Камянецкая вежа: вакол яе даследаваны пласт таўшчынёй 3 м, знесены земляны вал, засыпаны роў, праведзены архітэктурны абмер вежы, зроблены графічныя разрэзы, над 1-м і 2-м ярусамі разабраны познія скляпенні. Распрацаваны праект рэстаўрацыі вежы. У 1909 невялікія археалагічныя даследаванні, фотафіксацыя і архітэктурныя абмеры праведзены ў Лідскім замку. На іх ажыццяўленне і часовую кансервацыю Пецярбургская археалагічная камісія адпусціла 943 руб. У 1924-25 пад кіраўніцтвам польскага археолага Р.Потлера праведзены архітэктурна-археалагічныя работы ў Навагрудскім замку - выяўлены лініі сцен, рэшткі 2 раней невядомых вежаў і руіны храма 14 ст., зроблена частковая кансервацыя помніка. У 1928-29 польскія архітэктары Е.Ромер і Ст.Лёрэнц праводзілі невялікія даследаванні ў Лідскім і Крэўскім замках у сувязі з іх кансервацыяй і частковай рэстаўрацыяй. У 1930-31 Р.Якімовіч вывучаў унутрывальныя драўляныя канструкцыі ў Давыд-Гарадку. У 1932-39 Ю.Ядкоўскі і З.Дурчэўскі праводзілі археалагічныя раскопкі ў Гродзенскім Старым замку, у выніку якіх былі адкрыты помнікі 12 ст. - Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенскі княжацкі палац, Гродзенская Верхняя царква, храм мяжы 13-14 ст., участак абарончай сцяны 12 ст. з плінфы (гл. Гродзенскія муры), будынкі 15-17 ст., узведзеныя з цэглы і каменю, у т.л. руіны мураванага замка к. 14 ст. У 1949 гэтыя работы былі працягнуты групай савецкіх археолагаў (П.А. Рапапорт, В.В. Сядоў, Ф.Д. Гурэвіч, Л.В. Аляксееў і інш.) пад кіраўніцтвам М.М. Вароніна. У 1950-60-я г. абарончыя збудаванні Тураўскай і Полацкай зямель і бел. Панямоння вывучаў П.А.Рапапорт (зняў планы большасці гарадзішчаў 10-14 ст., зрабіў прарэзку валоў у Навагрудку, даследаваў Камянецкую вежу), разам з Ф.Д.Гурэвіч абследаваў умацаваныя гарадзішчы Верхняга Панямоння. Значны ўклад у высвятленне храналогіі будаўніцтва гарадскіх умацаванняў Полаччыны, Палесся і Панямоння ўнеслі Г.В. Штыхаў, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга і інш.

У 1960-я г. Э.М.Загарульскі вывучаў драўляныя перакладныя ўнутрывальныя канструкцыі старажытнага Мінска, зрабіў прарэзку валоў на гарадзішчах у Копысі і Вішчыне. З 1969 архітэктурна-археалагічныя даследаванні на тэрыторыі Беларусі праводзіў М.А.Ткачоў. У Навагрудку знойдзены рэшткі мураваных вежаў 13 ст., зроблены прарэзкі валоў, вызначаны час іх узвядзення (11 ст.), даследаваны комплекс мураванага замка. Вывучаліся планавая кампазіцыя, канструкцыйныя асаблівасці сцен і вежаў Лідскага і Крэўскага замкаў, адкрыты бастэйныя мураваныя ўмацаванні ў Геранёнскім і Іказненскім замках, абарончая вежа-данжон 15 ст. ў Мядзельскім замку. Даследаваліся комплекс сярэдневяковых умацаванняў Гродзенскага, Мірскага, Віцебскіх Верхняга і Ніжняга замкаў, абарончыя збудаванні гарадоў і замкаў бел. Пасожжа, Падзвіння, Цэнтр. і Паўд. Беларусі. У 1980-я г. А.А.Трусаў пры ўдзеле групы беларускіх і расійскіх даследчыкаў А.К.Краўцэвіча, І.М.Чарняўскага, М.А.Ткачова, П.А.Рапапорта, Г.М.Бальшакова, Г.М.Сагановіча і інш. правёў значныя раскопкі ў Мірскім, Лідскім, Гродзенскім замках. А.А.Трусаў, М.А.Ткачоў і П.А.Рапапорт адкрылі і вывучылі абарончыя збудаванні 12 ст. з плінфы ў Гродзенскім замку. Вынікі раскопак апублікаваны ў манаграфіях і зборніках.

Літаратура:

  • Раппопорт П.А. Волынские башни // МИА. 1952. № 31;
  • Яго ж. Военное зодчество западнорусских земель X-XIV вв. // Там жа. 1967. № 140;
  • Гуревич Ф.Д. Древности Белорусского Понеманья. М.; Ленинград, 1962;
  • Лысенко П.Ф. Города Туровской земли. Минск, 1974;
  • Зверуго Я.Г. Древний Волковыск X-XIV вв. Минск, 1975;
  • Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX-XIII вв. Минск, 1975;
  • Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII стст. Мінск, 1978;
  • Яго ж. Замки Белоруссии. Минск, 1987;
  • Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Минск, 1982;
  • Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв.: архит.-археол. анализ. Минск, 1988.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.