Археалогія помнікаў архітэктуры

АРХЕАЛОГІЯ ПОМНІКАЎ АРХІТЭКТУРЫ. Вызначае месцазнаходжанне рэшткаў помнікаў манументальнай архітэктуры, якія загінулі або значна змяніліся, вывучае іх і на аснове атрыманых звестак аднаўляе планы і па магчымасці рэканструюе фасады і асноўныя аб'ёмы помнікаў у цэлым. У к. 18 - пач. 19 ст. манументальную архітэктуру вывучалі гісторыкі і мастацтвазнаўцы. У 1820-40-я г. ў Зах. Еўропе, у к. 19 - пач. 20 ст. ў Расійскай імперыі праводзіліся археалагічныя даследаванні архітэктурных помнікаў. У 1930-40-я г. археалогія помнікаў архітэктуры вылучылася ў самастойную галіну археалогіі.

На тэрыторыі Беларусі археалагічныя даследаванні архітэктурных помніка праведзены ў 1790-я г., калі ў Полацку невядомы даследчык раскапаў падмуркі храма-трыконха Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра 12 ст. У 1-й пал. 19 ст. ў Беларусі пачалося візуальнае мастацтвазнаўчае і гісторыка-архіўнае вывучэнне помнікаў архітэктуры. У 2-й пал. 19 ст. рускія і польскія даследчыкі сабралі вялікі факталагічны матэрыял па гісторыі беларускай архітэктуры. Было абследавана шмат помнікаў, зроблены іх першасныя абмеры, вывучаліся будаўнічыя матэрыялы і сістэмы муровак. Археалагічна-архітэктурныя даследаванні спалучаліся з рамонтна-рэстаўрацыйнымі работамі. У к. 1920-х - пач. 1930-х г. археалогія помнікаў архітэктуры ў Беларусі пачала хутка развівацца. Раскопкі полацкіх архітэктурных помнікаў 12 ст., праведзеныя на высокім навуковым узроўні, далі пачатак вылучэнню самастойнай полацкай архітэктурнай школы. У пасляваенны перыяд археалогія помнікаў архітэктуры характарызуецца вялікім аб'ёмам пошукавых работ, у выніку якіх былі выяўлены дзесяткі помнікаў. Раскопкі М.М.Вароніна, М.К.Каргера, П.А.Рапапорта, В.А.Булкіна дазволілі растлумачыць складаныя працэсы станаўлення і развіцця старажытнай архітэктуры на тэрыторыі Беларусі. З к. 1960-х г. пачаліся раскопкі помнікаў 13-18 ст.; іх вынікі надрукаваны ў працах М.А.Ткачова і М.У.Малеўскай, якія дапоўнілі раздзелы гісторыі архітэктуры Беларусі, прысвечаныя ранняй готыцы і фартыфікацыі. З 1980-х г. шырока вывучаецца культавая і грамадзянская архітэктура эпохі Адраджэння і барока (раскопкі І.М.Чарняўскага, А.М.Кушнярэвіча, А.А.Трусава і інш.).

Літаратура:

  • Воронин Н.Н. Архитектурный памятник как исторический источник // СА. 1954. № 19;
  • Михайловский Е.В. Реставрация памятников архитектуры. М., 1971;
  • Раппопорт П.А. О методике археологических раскопок памятников древнерусского зодчества// КСИА. 1973. Вып. 135;
  • Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI- XVII вв.: архит.-археол. анализ. Минск, 1988;
  • Кушнярэвіч А.М. Тыпалогія гатычнага абарончага культавага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага. Мінск, 2007.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.