Археалогія Беларусі

АРХЕАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ”, чатырохтомнае навуковае галіновае выданне. Падрыхтавана калектывам аўтараў ІГ НАН Беларусі. Выйшла ў выдавецтве "Беларуская навука" ў 1997-2001 у Мінску на беларускай мове.

У 1-м томе ("Каменны і бронзавы вякі") упершыню дадзена поўная характарыстыка развіцця культур першабытнага грамадства Беларусі ў каменным і бронзавым вяках на працягу амаль 13 тысячагоддзяў. Паказаны асаблівасці і характар першапачатковага засялення Беларусі ў ледавіковую і пасляледавіковую эпохі, археалагічныя культуры, этнакультурныя працэсы, звязаныя з пранікненнем на тэрыторыю Беларусі цэнтральна-еўрапейскага насельніцтва. На агульнаеўрапейскім фоне падаецца гісторыя рассялення першабытных плямёнаў у басейнах рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць, прасочаны вытокі культур старажытных славян і балтаў.

2-і том ("Жалезны век і ранняе сярэднявечча") ахоплівае перыяд з 8 ст. да н.э. па 8 ст. н.э. Асвятляюцца пытанні матэрыяльнай і духоўнай культуры, гаспадаркі, грамадзянскіх адносін, паходжання і этнічнай прыналежнасці плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі ў жалезным веку. Вызначаюцца тэрытарыяльныя і храналагічныя асаблівасці жыцця насельніцтва Беларусі жалезным веку і іх месца сярод сумежных тэрыторый Еўропы.

У 3-м томе ("Сярэдневяковы перыяд: IX-XIII стст.") абагульнены ўсе матэрыялы па гісторыі Беларусі за гэты перыяд, разглядаюцца пытанні этнічнага фарміравання насельніцтва, яго сацыяльна-эканамічнага развіцця, характару заняткаў, эканамічных і культурных сувязей з іншымі рэгіёнамі.

4-ы том ("Помнікі XIV-XVIII стст.") прысвечаны даследаванню помнікаў гэтага перыяду на тэрыторыі Беларусі якія адлюстроўваюць развіццё гарадоў, мястэчак, замкаў, вясковых паселішчаў, манументальнага дойлідства і могільнікаў. Упершыню абагульняюцца ключавыя пытанні развіцця розных тыпаў паселішчаў, асвятляюцца асноўныя катэгорыі рэчавага матэрыялу, вызначаецца месца гістарычных помнікаў Беларусі 14-18 ст. у агульнаеўрапейскім кантэксце. У кожным томе даюцца рэзюме на рускай і англійскай мовах, шматлікія літаратурныя крыніцы, паказальнікі імёнаў, помнікаў, геаграфічны. Выданне ілюстравана малюнкамі, картамі, планамі, схемамі.

Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.