Археалогія культавых помнікаў

АРХЕАЛОГІЯ КУЛЬТАВЫХ ПОМНІКАЎ. Археалагічнае вывучэнне старажытных культавых помнікаў на тэрыторыі Беларусі пачалося ў к. 18 - пач. 19 ст. Адзін з першых поўнасцю раскапаных старажытных архітэктурных помнікаў - храм-трыконх Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра ў Полацку. Вывучэнне помнікаў 9- 13 ст. было ўключана ў праграмы створанага ў 1864 у Маскве Археалагічнага таварыства. З 1870-х г. у даследаваннях прымалі ўдзел прафесійныя архітэктары. У 1894 выйшла "Гісторыя рускай архітэктуры" А.М.Паўлінава, які вывучаў таксама помнікі Полацка і Віцебска. У пачатку 20 ст. адначасова з рэстаўрацыяй некаторых старажытных храмаў праводзілася і іх архітурна-археалагічнае даследаванне. У Беларусі ў гэты час працаваў рэстаўратар П.П.Пакрышкін, які даследаваў Полацкі Сафійскі сабор і Гродзенскую Барысаглебскую царкву. Ю.Ядкоўскі вывучаў абарончыя храмы ў Супраслі (Польшча), Мураванцы (Шчучынскі р-н) і Сынкавічах (Зэльвенскі р-н). У 1920-30-я г. архітэктурныя даследаванні на тэрыторыі Беларусі праводзілі савецкія і польскія археолагі. І.М.Хозераў у Полацку ў 1928 вывучаў рэшткі Пятніцкай, Барысаглебскай цэркваў і Вял. сабора Бельчыцкага манастыра. У 1933-34 Я.Юдкоўскі адкапаў рэшткі Гродзенскай Ніжняй царквы на Старым замку, у 1935 даследаваў Гродзенскую Барысаглебскую царкву. Рэшткі царквы 14 ст. былі выяўлены польскімі рэстаўратарамі на тэрыторыі Замкавай гары ў Навагрудку. Шырокія даследаванні культавага дойлідства разгарнуліся ў Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Полацкія храмы 11 - 12 ст. вывучалі І.М.Хозераў, М.К.Каргер, П.А.Рапапорт, Вал.А.Булкін, Г.В.Штыхаў; Віцебскую царкву Звеставання 12 ст. - Г.В.Штыхаў, М.К.Каргер, А.А.Трусаў і П.А.Рапапорт. Рэшткі Ваўкавыскага храма 12 ст. раскапалі Г.І.Пех, П.А.Рапапорт і М.К.Каргер. Даследаванні Мінскага храма 12 ст. праводзілі В.Р.Тарасенка і Э.М.Загарульскі. Барысаглебскую царкву ў Навагрудку вывучалі М.К.Каргер, П.А.Рапапорт і АЛ.Трусаў. У 1963-64 М.К.Каргер раскапаў Тураўскую царкву. У 1990-я г. гэты храм вывучаў П.Ф.Лысенка і дабіўся яго музеефікацыі.

У 1970-80-я г. пачынаецца вывучэнне беларускага культавага дойлідства 14-18 ст. М.У.Малеўская даследавала царкву ў Навагрудку 14-17 ст. А.М.Кушнярэвіч - абарончыя храмы ў Мураванцы і Сынкавічах, касцёлы ва Уселюбе (Навагрудскі р-н), Гнёзне (Ваўкавыскі р-н), Клецку, Гальшанах (Ашмянскі р-н) і Іўі, кальвінскія зборы ў Кухцічах (Уздзенскі р-н) і Новым Свержані (Стаўбцоўскі р-н). І.М.Чарняўскі правёў раскопкі на тэрыторыі Мікалаеўскага манастыра ў Магілёве, кляштара базыльянак у Гродне, Куцеінскага манастыра ў Оршы і цыстэрцыянскага кляштара 18 ст. ў Мазыры. Культавыя помнікі Мсціслава 17-18 ст. вывучаў А.А.Трусаў, Мінска - В.Е.Собаль. І.І.Сінчук правёў раскопкі кармеліцкага касцёла ў Магілёве, А.К.Краўцэвіч - францысканскага кляштара ў Ашмянах і Троіцкага касцёла ў Воўчыне (Камянецкі р-н), Г.М.Сагановіч - кляштара брыгітак у Гродне, В.М.Ляўко вывучала культавыя помнікі 17- 18 ст. у Віцебску і Оршы.

Літаратура:

  • Булкин В.А. Исследование Софийского собора в Полоцке // АО 1980. М.. 1981;
  • Воронин Н.Н. Древнее Гродно: (по материалам археол. раскопок 1932-1949 гг.). М., 1954 (МИА. № 41);
  • Каргер М.К. К истории полоцкого зодчества 12 в.: (руины вновь открытого храма на Верхнем замке) // Новое в археологии. М., 1972;
  • Павлинов А.М. Древние храмы Витебска и Полоцка//Тр. IX АС. М., 1895. Т.
  • Раппопорт П.А. Русская архитектура X-XIII вв.: кат. памятников. Ленинград, 1982 (САИ. Вып. Е1-47);
  • Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв.: архит.-археол. анализ. Минск, 1988;
  • Хозераў I. Полацкае будаўніцтва старадаўняга перыяду // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мінск, 1928. Кн. 6. Працы гісторыі мастацтва. Т. 1, сш. 1.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.