Археалогія помнікаў грамадзянскай архітэктуры

АРХЕАЛОГІЯ ПОМНІКАЎ ГРАМАДЗЯНСКАЙ АРХІТЭКТУРЫ. Вывучае рэшткі загінуўшых альбо значна пераробленых будынкаў жылога, гаспадарчага і грамадзянскага прызначэння. У 1930-я г. Ю.Ядкоўскі раскапаў рэшткі Гродзенскага княжацкага палаца 12 ст. на Старым замку. М.М.Варонін, які даследаваў помнік у 1949, лічыў, што Ю.Ядкоўскі выявіў руіны паўдневай абарончай вежы дзяцінца (гл. Гродзенскія муры). У 1977 П.А.Рапапорт на полацкім дзяцінцы знайшоў падмуркі хорама (палаца). Як адзначаў даследчык, падобныя будынкі з-за адсутнасці ў іх эфектыўных ацяпляльных прыстасаванняў не маглі выкарыстоўвацца для жылля, у іх праводзіліся ўрачыстыя княжацкія застоллі і прыёмы замежных паслоў. Хорам разам з царквою ўваходзіў у комплекс княжацкага палаца, астатнія будынкі былі драўлянымі. У пач. 14 ст. пасля паяўлення кафляных печаў полацкі хорам выкарыстоўваўся для жылля. У 14-15 ст. у Гродзенскім палацы размяшчаўся склад вайсковага рыштунку. Пры даследаванні Гродзенскага Старого замка у 1930-х г. Ю.Вайцяхоўскі знайшоў рэшткі 2-павярховага палаца 15 ст., які быў пабудаваны над усх. схілам узвышша з абарончымі мурамі і вежамі. У 2-й пал. 16 ст. пры перабудове замка было зменена аблічча палаца. Будаўніцтва гатычнага замка паклала пачатак пераўтварэнню гэтага тыпу пабудоў у палацавы комплекс з развітай сістэмай жылых і гаспадарчых будынкаў.

Даследаванні Крэўскага замка, праведзеныя ў пач. 1970-х г. М.А.Ткачовым, у к. 1970-х - пач. 1980-х г. А.А.Трусавым і ў к. 1980-х - пач. 1990-х г. І.М.Чарняўскім, паказалі, што княжацкая вежа, пабудаваная крыху пазней за яго абарончыя муры, з'яўляецца адным з першых у Беларусі данжонам - жылой вежай з функцыямі абароны ў замку. Побач з замкавай брамай знаходзіўся прамавугольны мураваны будынак, у якім, мяркуючы па знаходках гаршковай кафлі і фрагментаў керамічнага посуду, было жыллё (захаваліся падмуркі і частка падвала). Драўляныя жылыя будынкі, дзе размяшчаліся гарнізон і прыслуга, знаходзіліся каля паўн.-зах. абарончага мура; існавалі таксама ў Лідскім замку. У к. 14 - пач. 15 ст. тут была пабудавана паўн.-ўсх. вуглавая вежа, на 1-м паверсе якой меліся каміны для абагравання памяшканняў, вышэй пакоі ацяпляліся кафлянымі печамі. Раздзяленне функцый абарончай і грамадзянскай адбываецца пры перабудове ў 2-й пал. 16 ст. Мірскага замка. Даследаванні ў 1970-х г. М.А.Ткачова і ў 1-й пал. 1980-х г. А.А.Трусава і І.М.Чарняўскага выявілі рэшткі першапачатковага гатычнага 1 -павярховага палаца каля паўд. абарончага мура, дзе з пач. 17 ст. знаходзілася кухня. У 2-й пал. 16 - пач. 17 ст. каля ўсх. і паўн. абарончых муроў узведзены 3-павярховы палац. Звонку пад зах. і паўд. сценамі пабудаваны 1-павярховая пякарня, піваварня, стайня з вежай; брама была ўмацавана падковападобным прадбрам'ем. У 2-й пал. 16 ст. Узведзены абарончыя ўмацаванні бастыённага характару за 80 м ад замкавых муроў. Пры раскопках у замку знойдзены фрагменты разнастайных пячных кафляў, элементы каменнага аздаблення аконных і дзвярных праёмаў, скабяныя вырабы, дэталі інтэр'ераў, якія сведчаць пра імкненне былых гаспадароў стварыць выгадныя ўмовы для жылля ў палацы. У гаспадарчых будынках размяшчаліся службы, якія цалкам забяспечвалі жыццядзейнасць замка. Раскопкі найбольш ранняга на тэрыторыі Беларусі бастыённага замка ў Заслаўі, у якім былі раздзелены функцьй абароны і жылля, праводзілі ў к. 1970-х г. А.А.Трусаў і ў сяр. 1980-х г. Ю.А.Заяц. Даследаванні ў сяр. 1980-х г. І.М.Чарняўскім Любчанскага і Гальшанскага замкаў пацвярждаюць перамены ў гэтым тыпе пабудоў. Пры захаванні замкнёных планаў, утвораных жылымі і гаспадарчымі будынкамі, назіраецца раздзяленне абарончых і жылых функцый. З 2-й пал. 16 ст. ў бел. гарадах і мястэчках узводзяць мураваныя ратушы, цэйхгаўзы, крамы, з'яўляецца мураванае жыллё. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні такіх будынкаў, праведзеныя ў 1980-х г. А.А.Трусавым, М.А.Ткачовым, В.Е.Собалем, І.М.Чарняўскім у Магілёве, Мінску, Віцебску, Нясвіжы, а таксама Гайцюнішскага дома-крэпасці (Воранаўскі р-н) сведчаць пра інтэнсіўнае развіццё мураванага будаўніцтва з выкарыстаннем шырокага асартыменту будаўнічых і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі, скабяных і сталярных вырабаў, характэрных для бел. дойлідства 16-18 ст. Такімі ж асаблівасцямі вызначаюцца і грамадзянскія будынкі ў манастырах і кляштарах Мінска, Гродна, Пінска, Нясвіжа і інш. Па выніках даследаванняў аднаўляюцца планы, рэканструююцца фасады і асноўны аб'ёмы помнікаў, іх частак, элементаў і інтэр'ераў у цэлым.

Літаратура:

  • Воронин Н.Н. Древнее Гродно: (по материалам археол. раскопок 1932-1949 гг.). М.. 1954 (МИА. № 41);
  • Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ-XVIII стст. Мінск, 1978;
  • Раппопорт П.А., Шолохова Е.В. Дворец в Полоцке// КСИА. 1981. Вып. 164;
  • Трусаў А.А., Чарняўскі І.М., Кукуня В.Р. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні гістарычнага цэнтра Магілёва // ВАНБ. 1983. № 5;
  • Трусов О.А., Чернявский И.М., Кравцевич А.К. Архитектурно-археологические исследования Мирского замка и городского поселка Мир Гродненской области // СА. 1986. №4;
  • Чарняўскі І.М. Грамадзянскае мураванае дойлідства Беларусі ў XII-XV стст. // Помнікі мастацкай культуры Беларусі: новыя даслед.: зб. арт. Мінск, 1989. /.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.