Архітэктурна-археалагічны комплекс

АРХІТЭКТУРНА-АРХЕАЛАГІЧНЫ КОМПЛЕКС, помнік гісторыі і культуры, які складаецца з адной ці некалькіх архітэктурных пабудоў, што знаходзяцца паблізу адна ад адной у межах культ, пласта, які акружае іх. З'яўляецца аб'ектам археалагічнага вывучэння, комплекснай крыніцай, якая дазваляе меркаваць пра вытворча-тэхнічны, ідэалагічны, мастацкі ўзровень пэўнага часу. Неад'емнай часткай папярэдніх даследаванняў і рэстаўрацыйных работ на помніку з'яўляюцца археалагічныя раскопкі, мэта якіх - выяўленне месцазнаходжання старажытнага будынка (калі яго сляды не прасочваюцца на паверхні), расчыстка рэшткаў, рэканструкцыя на іх аснове плана, фасадаў і ўсяго збудавання. Культурны пласт, што запаўняе і акружае помнік, дае магчымасць вызначыць храналогію помніка, канструкцыйныя элементы (пілястры, калоны, профілі парталаў і інш.), першапачатковыя архітэктурна-мастацкія формы фасадаў (сапсаваныя, пераробленыя або знішчаныя), часткі будынка, якія зніклі (галерэі, бабінцы, перадбрамы, ганкі). Культурны пласт захоўвае шматлікія архітэктурныя дэталі, якія даюць уяўленні пра сістэмы насцілу падлогі (пліткі), малыя формы, кампазіцыю будынка (кавалкі муроў з элементамі старажытнага дэкору, тып цэглы, кафлі, завесы, прабоі, замкі, клямкі, кавалкі аконных пралётаў, аконнае шкло, вітражы), добраўпарадкаванне комплексу.

Літаратура:

  • Авдусин Д.А. Полевая археология СССР. М., 1980;
  • Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв.: архит.-археол. анализ. Минск, 1988.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.